на фота — Мітхун Чакраборці

на фота — Мітхун Чакраборці

Ці памятаеце вы, мае даражэнькія, Мітхуна Чакраборці?

Ну, індыйскі акцёр, чарнявы такі, на экране заўжды змагаецца за гонар сваёй сям’і з рознымі злыднямі. Гадзінкі за дзве, покуль тое кіно ідзе, ён ратуе бацькоў ад немінучай гібелі, знаходзіць роднага брата па радзімцы на левай руцэ, удала жэніцца ды яшчэ паспявае спяваць і танчыць амаль без перапынку. У канцы 80 — пачатку 90-­х 15-гадовыя сцыкухі па ім аж млелі, дзесяць разоў на адзін і той жа кінасеанс ходзячы. А на кірмашы прадаваліся ягоныя чорна­-белыя фоткі, аздобленыя расфарбаванай ад рукі ружовай квеценню.

Не памятаеце? І я не памятаю. Каб той Мітхун ішоў дзе па вуліцы, дык пэўна і не пазнала б. Хаця ў 1991 не толькі ягоны фотаздымак бачыла, а нават на ягоным дні нараджэння гуляла і сябрам сваім лічыла!

Не верыце? Маўляў, хлусіш і не чырванееш. Дзе ты, а дзе ён? Ды й гадкоў колькі табе тады было? Маеце поўнае права. Цяперашнім светам брахуноў развялося крый божа! Вось, напрыклад, у нас у трэцім пад’ездзе жыве дзядзька, каторы, як да абеда падап’е, кажа, што ў Румыніі ваяваў, а як пасля абеду яшчэ дабавіць — сцвярджае, нібыта выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Тыя акалічнасці, што падчас румынскіх падзеяў яму споўнілася чатыры гадкі, а ў Афганістан, калі верыць ягоным словамі, дабіраўся пешкі ад самой вайсковай часткі Кісялевічы пад Бабруйскам, зусім не шкодзяць. Бо Бабруйск паўднёвей за Магілёў, а значыць, да Афгана бліжэй. Ведама, дзядзька той нідзе далей бацькавай вёскі не быў, а збрахаць то хочацца!

Але я не такая, не маню без дай прычыны. Таму адкажу падрабязна. Святкаванне дня народзінаў адбывалася ў прыгарадзе Краснадара, кіламераў за сто — сто пяцьдзясят ад Чорнага мора, што, канечне, куды паўднёвей за Магілёў і Бабруйск, а значыць, бліжэй да Балівуда. На той момант мне было няпоўных чатырнаццаць гадоў. Звычайнае дзяўчо: дробненькае, паслухмянае, адзіны скарб — занадта доўгая і вялікая па памеры майка з выявамі ананасаў, кавуна ў разрэзе ды замежнымі літарамі, запаветныя мары — чорная скуранка і двухколерная перламутравая памада: напалову белая, напалову ружовая. У Краснадар мяне, як і іншых магілёўскіх школьнікаў, адправілі ў летнік адпачынку і працы на цягніку з надпісам «Дзеці Чарнобыля», каб аздаравіліся як след, садавіну збіраючы.

Вой, Кубань! Дзівосны край, дзе ноч і навальніцы надыходзяць раптоўна, а заклік «Усе на барацьбу з амброзіяй» красуе на кожным плоце. Там кроп паўстае сцяною, цыбуля на траецкі аер падобная, а радыс хоць і бывае розным, але ядуць толькі вялікі!

З садавіной неяк не задалося. На недаспелыя персікі паслалі толькі аднойчы. У астатні час нас чакала праполка — баразна даўжынёю ў паўкіламетра — гэта калі памідоры і шэсцьсот метраў — гэта калі агуркі. Матыка, дзядоўнік, узбуялы пад паўднёвым сонейкам. Працавалі гадзін да дванаццаці, пасля адпачывалі, гадзін у восем вечара рэпрадуктар роў на ўсю моц:

Пусть кинжал в груди будет у меня,
Всё равно вернусь в Россию,
Там судьба моя…

Або:

Твоя вишнёвая девятка
меня совсем с ума свела…

Паўднёвая цемра апускалася на зямлю, пачыналася галоўная падзея дня — дыскатэка. На танцах мы скакалі так, што аж дыханне займала, а сэрца, здавалася, выскачыць вонкі, абутак замінаў — мы скідалі яго ў цэнтр кола пасярод танцпляцоўкі. Вечарам кожны імкнуўся прыбрацца ў найлепшае, я амаль заўсёды адзявала любімую майку. Таму шанавала гэтую апратку, ніколі не цягала на працу, памыўшы, сушыла яе каля ложка ці на сабе, кладучы пад прасціну.

Часам, замест дыскатэкі, паказвалі кіно. Пераважна індыйскае. Мо нават з тым самым Мітхунам Чакраборці ў галоўнай ролі. Не памятаю. Рэдка хадзіла. З­-за спінаў старшакласніц і іхніх кавалераў было ні халеры не відаць, ды і змест не надта захапляў. І тут я была не самотнай. Алі, мясцовы ўхажор тоўстай дзесяцікласніцы Вікі, наогул засынаў пасярод фільма, а калі тая будзіла яго, абураўся ўголас, пабачыўшы на экране чарговую індыйскую танцорку:

– Што ты мне чорный паказываіш? Я бэлый люблю!

Пасля адбою, як пойдуць у свой корпус выхавацелі, старэйшыя дзеўкі або адсыпаліся, або працягвалі хадзіць на спатканні. Сядзелі на лавачцы побач з корпусам разам з хлопцамі. Мы ж для спатканняў былі яшчэ малыя, для лялек — ужо вялікія, таму проста дурэлі, рагаталі, гоцалі на ложках, біліся падушкамі, размаўлялі. І аднаго разу так загуляліся, што не агледзелі, як надышла другая гадзіна ночы, старэйшыя пачалі грукаць у сцяну і патрабаваць цішыні. Супакойвацца ўсё роўна не хацелася. Але ж а шостай на працу ўставаць!

«Вось бы дождж пайшоў», — голас з кута выказаў усеагульную мару. Пасля дажджу на працу нас не ганялі. Размоклы чарназём ліп да падэшваў, хадзіць было немагчыма, самы хадавы абутак — в’етнамкі — наогул не вытрымліваў і рваўся пасля першага­другога крока. Паход басанож нагадваў катанне на каньках не надта здольнага пачаткоўца і заканчваўся свінячым знешнім выглядам.

– А давайце памолімся, каб дождж пайшоў!

 Не памятаю, хто першы выказаў такую прапанову. Пачуць яе ў душнай цемры паўднёвай ночы было дзіўнавата, тым больш ад піянерак, якіх нейкія тры гады таму ў велікодную нядзелю прымушалі хадзіць у школу і ніхто не вучыў маліцца.

 Але спадзяванне на цуд было вялікім, нежаданне палоць гуркі яшчэ большым, і мы па чарзе пачалі прасіць у Бога дажджу, хто як умеў.

– Я памятаю малітву з той жоўтай кніжачкі, што вернікі на вуліцы далі, — мая сяброўка Вольга, старанна, імкнучыся нічога не пераблытаць, ад пачатку да канца прачытала «Ойча наш», тыя, хто узгадаў словы малітвы, спрабавалі дапамагчы ёй, кішэннае Евангелле баптысты падаравалі не адной Вользе.

– А я па­-індыйску маліцца ўмею! — пахвалілася Лена — самая вялікая аматарка індыйскага кіно ў нашым пакоі. Яна часта спрачалася з Кацяй, хто з іх болей разоў на які фільм хадзіў, і амаль заўжды перамагала, ведала гэтыя стужкі ледзьве не на памяць. Таму, калі Лена пачала нараспеў прамаўляць дзівосныя спалучэнні іншаземных словаў, ніхто не здзівіўся. Ці былі тыя радкі насамрэч індыйскаю малітваю? Не ўпэўнена. Але голас гучаў так пранікнёна, адбіткі месяцовага святла блішчэлі ў вачах, і усё, што выходзіла з вуснаў дзяўчынкі, рабілася малітваю адразу. Нават Кацька, каторая спачатку пакрыўджана сапла ў дзве дзірачкі, прыўзнялася ў ложку і пазірала на сваю суперніцу зачаравана, нібы кобра на факіра.

Праз якую гадзіну ўжо ва ўсю сілу шугаў вецер, упартыя кроплі малацілі па даху барака. З неба на зямлю нечакана абрынулася сапраўдная паўднёвая залева!

Заўтрашні дзень прынёс нам сонечную ранічку, спакойны сон да сняданку і пасля. На працу павезлі ўжо адвячоркам, толькі на пару гадзін. Гэтым разам на полі замест абрыдлых гуркоў і матыкі чакаў кропны гушчар і нажы.

Ці то сапраўды Бог пачуў тую малітву, ці то для Лены, як кажуць, надышоў яе дзень, калі літаральна ва ўсім шчасціць. Па абедзе паштарка прынесла ёй грашовы перавод ад бацькоў! У выходную нядзелю Лена, як і ўсе тыя, хто меў грошы, канечне ж, паехала ў горад. Бо ў Краснадары трамваі і марозіва ў шэсць разоў таннейшае за магілёўскае! А яшчэ ажно тры ўнівермагі! Па ўнівермагу мы сноўдаліся гадзінамі, нібы па музейнай зале, дзівячыся на дэфіцытныя для нашых мясцін рэчы, поўныя нязвыклага хараства: жоўтыя маечкі з рознакаляровымі гузікамі, стракатыя сумачкі, бліскучыя касметычкі, духі «Чырвоны мак», мыла ў форме мядзведзікаў! Грошы разыходзіліся хутка. Праз які тыдзень заставалася толькі марыць пра перавод ці першы ў жыцці заробак, а па выходных — тырчэць у летніку, загараць, дрыхнуць, гуляць у карты цэлымі камандамі. Звычайна пераможаныя ў белых прасцінах абыходзілі свой барак з нуднай і несканчонай, як баразна няполатых памідораў, песняю:

Радзіўся адзін вярблюд, радзіўся другі вярблюд,
Радзіўся іх цэлы караван вярблюдоў…

Далей гэткім жа чынам апявалася вучоба, жаніцьба, смерць і іншыя лёсавызначальныя падзеі жыцця караблёў пустэчы.

Любілі абліваць вадою адно аднаго. Вадзяны патоп абрынаўся на галаву ахвяры знянацку: на вуліцы пад дрэвам, у пакоі ля ложка. Крыўдаваць не было калі. Хапай вадзяны пісталет, біклажку, пажарнае вядро — і дзейнічай у адказ!

Той нядзелькаю кішэні ў большасці ўжо былі пустыя, пасля сняданку мы палеглі спаць, а прачнуўшыся, збіраліся бавіць выходны па звыклым сцэнары. Не здагадваючыся — наперадзе свята, гэткае ж нечаканае, як і той начны дождж.

Неўзабаве вярнулася з горада Ленка з вялікім фотаздымкам кучаравага чарнабровага хлопца, што ўсміхаўся на ўсе трыццаць два зубы. Чарговая выява індыйскага кінаакцёра. Мусіць, на кірмаш ездзіла.

– Гэта Мітхун Чакраборці, сёння ў яго дзень нараджэння. Будзем святкаваць! — абвесціла Ленка і, запрасіўшы на свята чалавек восем, ледзьве не ўвесь пакой, разам з Кацькаю пабегла ў мясцовую краму па пачастункі.

Мы ж па яе загадзе пачалі рассоўваць ложкі і сцяліць на падлогу коўдры, рыхтавацца да дня народзінаў па-­індыйску. Я нават дзеля такой урачыстасці хацела апрануць сваю любімую майку, але, на жаль, яна была брудная. Тады я памыла апранаху і развесіла яе на вяроўцы між слупоў, акурат насупраць вокнаў, каб наглядаць час ад часу. Да дыскатэкі якраз пасохне, калі, вядома, лагерная начальніца не заўважыць і з енкам: «Не паложана, не паложана!» не абарве вяроўку. Да дня народзінаў давялося адшукаць у чамадане звычайную сукенку, а на моду пакуль забыцца.

У хуткім часе мы сядзелі па-­турэцку на коўдрах вакол шыкоўнай пачосткі. Чаго тут толькі не было! Ленка купіла ўсе магчымыя прысмакі, якія толькі прадаваліся ў тамтэйшай краме без купонаў: кукурузныя палачкі, пліткі сланечнікавых казінакаў спрасаваных настолькі, што прадавачцы даводзілася ламаць іх праз калена, і, канечне, ліманад «Бураціна» ў паўлітровых шкляных бутэльках.

Мусіць, ад нядаўняга грашовага пераводу наўрад ці што засталося… Сумачка — чырвоная з бліскучай чайкай наперадзе, перламутравыя касметычныя алоўкі, адэкалон «Рускі лес» у падарунак тату, незлічоная колькасць марозіва — усё гэта было ахвяравана дзеля дня народзінаў чалавека, які не аддзячыць, не дашле вітання, ніколі не даведаецца пра тваё існаванне наогул. Лена пра гэта, канечне, ведала, не магла не ведаць — такімі дурніцамі нават у няпоўныя чатырнаццаць не бываюць, але ўсё роўна была шчаслівая самой магчымасцю такой ахвяры. Яе вочы ззялі, як перад начной залеваю, і я, здаецца, упершыню ў жыцці пабачыла чалавечую радасць, што не мела дачынення да асабістага поспеху, бацькоўскага здароўя, абноваў, адзнак, запрашэнняў на спатканне! Лена і Каця спявалі індыйскія песні і спрабавалі танчыць. Мы пілі ліманад за здароўе імянінніка. Бурбалкі былі такія казытлівыя, а казінакі такія салодкія! Я амаль закахалася ў Мітхуна і нават дала сама сабе абяцанне абавязкова схадзіць на фільм з ягоным удзелам. Цалкам паддаўшыся святочнаму настрою, страціла пачуцце рэальнасці.

Выйшла на двор толькі вечарам, калі ўсё было з’едзена, выпіта і прыбрана. Гляджу на вяроўку — майкі няма!

Не здольная ўсвядоміць сваё няшчасце адразу, прыглядаюся да строяў тых, хто ідзе на танцпляцоўку. Дарэмна. Майкі няма і ўжо ніколі не будзе, бо яе скралі! І зрабіў гэта той, хто ведаў пра свята, пра тое, што хутчэй за ўсё з пакоя ніхто не выйдзе, бачыў бляск Леніных вачэй, а магчыма, нават сядзеў сярод нас! Шукаць бессэнсоўна, хто ж адважыцца апрануць крадзенае? Жаліцца выхавацелям — марная справа, яны нават пальцам не паварушаць, такое тут ледзь не штодня робіцца! Роспач пакрысе саступае месца безнадзейнай тузе, глыбіню каторай сучасным падлеткам не зразумець ніколі. Салатавыя шнуркі — вялікая навіна, а тут майка з ананасамі! З рэпрадуктара на ўсё наваколле гучыць песня Цоя пра групу крыві. Вяртаюся ў пакой. З Ленінай тумбачкі на мяне пазірае Мітхун Чакраборці. Не кпіць, а хутчэй улагоджвае і па­ сяброўску суцяшае. Так­так, менавіта па­сяброўску, бо ў няпоўныя чатырнаццаць лічыш сябрам кожнага, на чыіх народзінах гуляеш, інакш немагчыма.

Нават тады я не вінаваціла ў сваім няшчасці ні Мітхуна, ні Лену. Хоць майку, вядома, не адшукала.

Імя злодзея не дазналася, мусіць, ён ці яна ў дарослым жыцці ўладкаваліся няблага. Ды і на кінастужку з чарнабровым сябрам у галоўнай ролі трапіць не атрымалася. Зусім не таму, што расчаравалася ў майстэрстве Балівуда, проста неяк знаходзіліся ў жыцці іншыя справы. Надышоў час «Проста Марыі», «Салодкага ручая», «Санта­ Барбары». Пасля пасталела, зусім не да Мітхунавых эмацыйных скокаў зрабілася, індыйскіх жарсцяў хапала ў штодзённым існаванні аж па самыя вушы.

А вось ягоны дзень народзінаў даводзілася святкаваць неаднойчы, у розную пару года не толькі мне, а і вам таксама, без асабістай на тое згоды. Прыгадайце хаця б векапомныя падзеі ў гісторыі Бацькаўшчыны апошніх гадоў дваццаці: пачынаецца ўсё з надзеі ў сэрцы, веры ў вачах і халерычнай узрушанасці, а заканчваецца, як тады… Ці вось Новы год, напрыклад. Уночы — усмешкі, шампанскае, мясны рулет, блакітны агеньчык па тэлевізары і «Праздраўляем з празнічкам!» кожныя паўгадзіны па тэлефоне. А на раніцу праспішся — ці цэны ўзраслі, ці курс даляра ўтрая павялічыўся! Карацей, яны заўсёды побач — людзі, гатовыя скрасці тваю майку. З малых гадоў сцямілі: найлепшая ўмова зладзейства — эйфарыя, апантаны бляск у вачах ахвяры, і цяперака звыкліся рабаваць ужо не па­дзіцячы. Ды і мы ў шапку не спім! Выйдзеш на вуліцу — маек якіх заўгодна: хочаш шкілет са стразікаў, хочаш коцік у акулярах, хочаш надпіс — «Мужык сказаў — мужык зрабіў!» Натхнёныя вочы з прамяністым ззяннем, дзе вы?!

Эх, Мітхуне, Мітхуне — зорка Балівуда! Сябра мой чарнабровы…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0