Амэрыканскае выданьне назвала прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна «чалавекам году». Time аддаў перавагу расейскаму прэзыдэнту перад Алам Горам, Джоан Роўлінг і Ху Цзінтао.

«Пуцін праявіў выключнае майстэрства ў кіраваньні краінай, якую ён прыняў у стане хаосу і прывёў да стабільнасьці», ‑‑ заявіў адказны сакратар часопісу Time Рычард Стэнгел.

Пры гэтым, дадае Стэнгел, «ён — новы расейскі цар, ён небясьпечны ў тым сэнсе, што яго не хвалююць грамадзянскія свабоды, не хвалюе свабода слова».

«Валодаючы нястомнай упартасьцю, дакладным бачаньнем курсу разьвіцьця Расеі і адчуваньнем таго, што ён увасабляе дух Расеі, Пуцін вярнуў сваю краіну на мапу сьвету», — гаворыцца ў матэрыяле Time, які выйшаў пад загалоўкам «Парадак вышэй, чым свабода».

Разам з тым, Time піша, што Пуцін вярнуў Расеі стабільнасьць і статус сусьветнай дзяржавы, «істотна парушыўшы прынцыпы і ідэі, якія цэняць свабодныя нацыі».

«Пра тое, ці стане ён рэфарматарам ці аўтакратам, які верне Расею ў эпоху рэпрэсій, мы даведаемся цягам наступнага дзесяцігодзьдзя», — мяркуе Time.

«Чалавек году паводле вэрсіі Time, — гаворыцца ў артыкуле, ‑‑ гэта не ганаровае званьне. У лепшым выпадку, гэта дакладнае разуменьне сьвету ў ягоным сёньняшнім выглядзе і прызнаньне найбольш моцных асобаў, якія фармуюць гэты сьвет — у лепшы ці горшы бок».

На думку выданьня, Пуцін «зусім не дэмакрат у тым сэнсе, як гэтую якасьць разумеюць на Захадзе. Ён не абаронца свабоды слова. Ён выступае, перадусім, за стабільнасьць, стабільнасьць за кошт свабоды, стабільнасьць за кошт права выбару, стабільнасьць, якой яго краіна ня бачыла апошнія 100 гадоў».

«Пра тое, ці стане ён рэфарматарам ці аўтакратам, які верне Расею ў эпоху рэпрэсій, мы даведаемся цягам наступнага дзесяцігодзьдзя», — мяркуе Time.

Спрэчная традыцыя

Традыцыя выбіраць Чалавека году нарадзілася ў 1927 г. у сувязі зь цяжкасьцю запоўніць старонкі часопісу ў бедны на падзеі пераднавагодні тыдзень.

Чалавекам году часопісу Time ў розны час станавіліся Франклін Рузвэльт (тройчы), Іосіф Сталін (двойчы), Адольф Гітлер, Мікіта Хрушчоў, Лех Валэнса, Біл Клінтан ды інш.

Адзначаліся і такія абстрактныя рэчы, як пакаленьне маладзейшае за 25-ць, кампутар і плянэта Зямля.

У 2005 г. тытул падзялілі змагар з галечай музыкант Бона і заснавальнік Microsoft Біл Гейтс.

Пасьля падзей 11 верасьня 2001 г. на вокладцы Time зьявіўся партрэт мэра Нью-Ёрка Рудольфа Джуліяні, хоць, як кажуць, у рэдакцыі часопісу многія схіляліся да кандыдатыры Усамы Бэн Ладэна.

Духоўны лідэр Ірану аятала Хамэйні выйграў намінацыю ў 1979 г., калі ўзначаліў ісламскую рэвалюцыю ў сваёй краіне. Гэта рэдакцыйнае рашэньне прывяло да рэзкага зьніжэньня колькасьці падпісчыкаў часопісу.

Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0