20 сьнежня а 10:30 у магілёўскім гарадзкім судзе (вул. Дабралюбава, 2) пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Артура Фінькевіча. Хлопцу прад’яўлена абвінавачаньне ў арт. 415 КК (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня). Паводле гэтага артыкулу яму пагражае да трох гадоў зьняволеньня.

Фінькевіча зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар 26 кастрычніка. Да гэтага хлопец адбываў двухгадовае абмежаваньне волі ў магілёўскай спэцкамэндатуры за палітычныя графіці, зробленыя напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Той тэрмін ужо скончыўся 9 сьнежня.

Напярэдадні быў накіраваны адкрыты ліст судзьдзі Крашкінай. «Мы патрабуем спыніць крымінальны перасьлед і вызваліць самага маладога вязьня сумленьня Артура Фінькевіча. Просім Вас разглядаць справу Артура Фінькевіча кіруючыся маральнасьцю і сумленнасьцю, ведаючы, што найбольш справядлівы Божы суд і суд гісторыі, якія з часам дадуць адпаведную адзнаку ўсім чалавечым дзеяньням» — адзначаецца ў лісьце.

Зварот падпісалі лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, народны паэт Ніл Гілевіч, пісьменьнікі Генадзь Бураўкін і Ўладзімер Арлоў, мастак Аляксей Марачкін, навуковец-геоляг Радзім Гарэцкі, палітык Павал Севярынец. Усяго ліст мае 92 падпісанты.

Адвакатам у Артура будзе Ганна Рыбалка, судзьдзёй — Натальля Крашкіна. Чакаецца, што на суд прыедзе шмат хто з палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў.

Зьміцер Панкавец

Дабрацца ў Магілёў з раніцы можна аўтобусамі і маршрутнымі мікрааўтобусамі з аўтавакзалу "Менск-Усходні":

адпраўленьне ў 6:10 (прыбыцьцё ў 9:10), 7:10 (прыб. 10:20), 7:40 (прыб. 10:50), 8:00 (11.00) і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0