14.11.2014 / 23:12

Алексіевіч: Што выйшла ў будаўнікоў сацыялізму — мора крыві і табліца множання трупаў

Увечары 14 лістапада ў пасольстве Украіны ў Мінску прайшла сустрэча з пісьменніцай Святланай Алексіевіч.

Падчас імпрэзы — мадэратарам якой выступіла мастацтвазнаўца Юлія Чарняўская — кожны ахвотны мог пацікавіцца меркаваннем пісьменніцы наконт таго або іншага пытання.

Асноўнае пытанне вечара — феномен «чырвонага чалавека».

«Увесь свет доўга цікавіўся, што атрымаецца ў будаўнікоў сацыялізму.

Атрымалася, як казаў Валошын, мора крыві і табліца множання трупаў.

Аднак, цікавасць да гэтай краіны і да гэтых людзей трывалася доўга, захоўваецца яна нават і цяпер», — сказала пісьменніца, адказваючы на пытанне аб папулярнасці яе твораў.

Дзве наступныя кнігі будуць прызначаны даволі нетыповым для яе творчасці тэмам: у адной размова пойдзе пра каханне, а ў другой – пра старасць і смерць.

«Я хачу ісці далей, углыб. Для мяне сёння Космас - гэта сам чалавек. А чалавек — гэта нешта большае за гісторыю. Але гэта не значыць, што я адмоўлюся ад вечнага пытання, якое не дае мне спакою, — чаму нашыя пакуты не канвертуюцца ў свабоду? Я ўвесь часу буду шукаць адказ на гэтае пытанне».

«У чалавеку вельмі шмат ад жывёлы і тонкі слой культуры, які злятае імгненна. Таму страціць унутры сябе чалавека вельмі лёгка - можна стаць ахвярай нацыяналізму, спажывецтва, прыгожай ідэі…», — паведаміла пісьменніца.

Прысутных таксама цікавіла, што, на думку пісьменніцы, сёння прадстаўляе сабой Расія.

«Усе вельмі няпроста. Нельга сказаць, што Расія – гэта вось такая суцэльная «Імперыя зла».

Калі я праехала па Расіі, я была вельмі здзіўлена тым, наколькі людзі ўзлаваныя. Але нельга сказаць, што рускія — гэта нейкія звяры. Там шмат добрых людзей, — сказала Алексіевіч. — Аднак яны зараз маўчаць, а верх узяла нейкая пена, як гэта бывае ў такія часы. І шмат у каго каша ў галаве. І многія сапраўды жывуць марамі аб імперыі.

Але тая Расія, якую я ведаю і люблю, яна не такая страшная, яна іншая».

Пісьменніца падкрэсліла: нельга ўвесь час дзяліць людзей на сваіх і чужых, і гэта тычыцца не толькі Расіі. Гэта закрывае чалавека ад свету. Любы нацыяналізм — гэта вельмі страшна. Любая закрытасць потым адпомсціць, прывядзе ў нейкае балота, папярэдзіла Алексіевіч.

Што да спрэчак, якія выклікае кожная яе новая кніга, то Святлана Аляксандраўна пракаментавала іх наступным чынам: «Для сусветнай культуры жанр, у якім я працую, даўно звыклы. Мастацтва не паспявае за рэальнасцю, таму і шукаюцца новыя формы творчасці, прычым не толькі ў літаратуры. Але ў нас гэта яшчэ выклікае такія местачковыя спрэчкі».

Што да беларускіх рэалій, то, на думку пісьменніцы, мы, аказаўшыся па-за рускай мовай, апынуліся ва ўласным соку, мы не можам вырвацца. «Я лічу, што тая нашая культура, якую заўсёды прыгняталі, і якая не мае зараз сілы здзейсніць нейкія моцныя прарывы, сама сябе абмяжоўвае.

Ва ўласным гуртку людзі адчуваюць сябе камфортна. А калі адкрыцца свету, то, канечне, страшнавата. Мне здаецца, справа ў гэтым – страшна ў вялікім незнаемым свеце».

На развітанне Алексіевіч пажадала ўсім мужнасці і ідэалізму.

«Бо гэта ж наша адзінае жыццё, аб чым многім не варта было б забываць, — сказала яна. — Я ж і сама не аўтамат для перапрацоўкі кашмараў.

Я пішу гэтыя жудасныя кнігі, каб разабрацца, куды мяне закінула мая ДНК, дзе я і хто я, і як пражыць гэтыя 70 ці 80 гадоў, якія нам адпушчаны, і атрымаць радасць ад гэтага».

Улад Швядовіч