«Выказванні старшыні КДБ усяляюць у мяне аптымізм», – заявіў каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, каментуючы заяву Юрыя Жадобіна з нагоды дзейнасці апазіцыі.

«У свой час спецслужбы 15-мільённай Чэхаславакіі ацэньвалі сваю апазіцыю ў 50 «дэструктыўных элементаў», у якіх было 500 «спачуваючых». Гэта не перашкодзіла чэхаславацкім дысідэнтам арганізаваць «аксамітавую рэвалюцыю». Беларускія спецслужбы лічаць, што ў нас 1767 актыўных апазіцыянераў. Ну, і пэўна значна больш тых, хто спачувае», – адзначыў Бандарэнка.

Каардынатар Хартыі’97 згодны з генералам Жадобіным, што большасць апазіцыянераў не змагаюцца за ўладу. «Яны ваююць за свабоду і незалежнасць сваёй краіны. І, вядома, пагроза нацыянальнай бяспецы (у гэтым я таксама падтрымліваю старшыню КДБ) зыходзіць не ад апазіцыі, а ад лукашэнкаўскіх службоўцаў, якія ўваходзяць у «чорныя спісы» Еўразвяза і Злучаных Штатаў Амерыкі. Як вядома, туды ўваходзяць людзі, падазраваныя ў палітычных забойствах, жорсткіх разгонах мірных дэманстрацый, фальсіфікацыі вынікаў выбараў», – заявіў Бандарэнка.

Нагадаем, што старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Юры Жадобін на сваёй першай прэс-канферэнцыі на новай пасадзе загаварыў пра апазіцыю. Адрапартаваўшы пра пайманне замежных шпіёнаў, ён заявіў, што апазіцыю ведае пайменна і ў яе ўваходзіць 1767 "дэструктыўных элементаў", але ніякай пагрозы нацыянальнай бяспецы яны не нясуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?