Расія прадаставіла Беларусі дзяржаўны крэдыт у памеры $1,5 млрд. Адпаведнае міжурадавае пагадненне падпісалі сёння ў Маскве міністр фінансаў Беларусі Мікалай Корбут і віцэ‑прэм’ер, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын.

Як паведаміў журналістам Аляксей Кудрын, крэдыт прадастаўлены тэрмінам на 15 гадоў з пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжоў. Працэнтная стаўка крэдыту вызначана па стаўцы Libor плюс 0,75 працэнта гадавых. Паводле слоў Аляксея Кудрына, цяпер стаўка Libor складае каля 5 працэнтаў. «Стаўка крэдыту рыначная, але ў той жа час яна ўлічвае існуючыя ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы», — сказаў ён. Аляксей Кудрын таксама адзначыў, што прадастаўленнем крэдыту Расія падтрымала Беларусь і выдала яго на спрыяльных для Беларусі ўмовах.

Ён ахарактарызаваў прадастаўлены крэдыт як стабілізацыйны. «Гэтыя сродкі дапамогуць забяспечыць таварны абарот Беларусі з Расіяй і іншымі краінамі», — сказаў міністр фінансаў РФ.

І Аляксей Кудрын, і Мікалай Корбут пацвердзілі, што сродкі крэдыту паступяць у Беларусь ужо да 31 снежня бягучага года.

У сваю чаргу міністр фінансаў Беларусі адзначыў, што неабходнасць атрымання крэдыту выклікана ростам цэн на энерганосьбіты. Ён падкрэсліў, што сродкі крэдыту будуць выкарыстоўвацца «зыходзячы з прыроды ўзнікнення неабходнасці ў ім». Ён таксама заявіў, што беларускі бок своечасова будзе праводзіць разлікі па крэдыту і працэнтах.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0