У таварыскай сустрэчы ў Барысаве нацыянальная зборная Беларусі прадэманстравала якасны атакуючы футбол.

Рауль Хіменэс забівае першы гол у вароты беларусаў. Фота Сяргея Зініна.

Рауль Хіменэс забівае першы гол у вароты беларусаў. Фота Сяргея Зініна.

Напрыканцы футбольнага сезона беларускім заўзятарам паднеслі падарунак. У госці да нашых «Барысаў-Арэну» прыехалі мексіканцы. Тыя самыя, што паказалі яркі атакуючы футбол на чэмпіянаце свету. І толькі праз нешчаслівы збег абставін саступілі ў 1/8 галандцам.

Склад мексіканцаў стракацеў вядомымі прозвішчамі – Эрнандэс, Ачоа, Гуардада, Хіменэс, дас Сантас і іншыя. На «Барысаў-Арэне» сабралася прыстойная колькасць заўзятараў – каля 9 тысяч. Праўда, цяжка сказаць колькі з іх было школьнікаў, якіх вымусілі купіць білеты.

На гульню з Мексікай Андрэй Зыгмантовіч паставіў шмат маладых, прагных да гульні футбалістаў. У аснове выйшлі Максім Валадзько, Мікалай Сігневіч, Андрэй Янушкевіч, людзі для якіх выклік у зборную быў атрыманы ўпершыню.

На марознымбарысаўскім паветры беларусы выглядалі нічым не горшымі за грозных супернікаў, а то і лепш. У першым тайме, праўда, галоў заўзятары так і не ўбачылі. Хоць той жа Максім Валадзько прымусіў Талаверу прадэманстраваць сваё майстэрства (Ачао застаўся ў запасе).

Першая дзесяціхвілінка другога тайма ўмясціла ў сябе асноўныя падзеі гульні. Спачатку нядоўгай расслабленасцю беларускай абароны скарыстаўся Раўль Хіменэс. Але ўжо праз дзве хвіліны расійскі арбітр Іваноў указаў на адзінаццаціметровую адзнаку. Ігар Стасевіч, як і ў нядаўняй гульні з «Генгамам», пенальці выкарыстаць не змог (варатар адбіў), але першым на дабіванні быў Сяргей Кісляк – 1:1.

Дарэчы, цікавая адметнасць: калі за зборную забівае Кісляк, то яна абавязкова выйграе. Праверце папярэднія ягоныя гульні. Хаця пасля таго як Хіменэс аформіў дубль у перамогу беларусаў не надта ўжо верылася.

На 55-ай хвіліне Мікалай Сігневіч згуляў так, як ад яго і чакаюць. Ён адгукнуўся на флангавую перадачу Антона Пуцілы і галавой загваздзіў мяч у браму мексіканцаў – 2:2.

Цікава, што амаль адразу пасля гэтага Зыгмантовіч зняў з гульні Сігневіча, замяніўшы яго на Цімоха Калачова. Зборная ў лепшых традыцыях Зыгмантовіча зноў пачала гуляць без форвардаў.

У нейкі момант склалася ўражанне, што «ацтэкі» пачалі гуляць проста без абароны. Беларусы раз за разам разрывалі абарону супернікаў, але дзіка не шанцавала. Той жа Алексіевіч проста быў абавязаны рваць сетку пасля перадачы з флангу, але прамазаў.

Перавага беларусаў сказалася на 81-ай хвіліне. Перамогу нашым прынёс Павел Няхайчык, які за імгненне да таго моманту з’явіўся на полі – 3:2.

Магчыма, мексіканцы недаацанілі беларускую каманду. Але гэтага не адмаўляе той прыгожы атакуючы футбол, што прадэманстравала наша каманда. Шкада толькі, што перамога зноў дасягнутая толькі ў таварняку, а не ў афіцыйным матчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?