19 сьнежня міністры фінансаў Беларусі й Расеі Мікалай Корбут і Аляксей Кудрын падпісалі міжурадавае пагадненьне аб выдзяленьні Беларусі расейскага крэдыту на 146 млн даляраў «для забесьпячэньня збалянсаванасьці разьлікаў ва ўзаемным гандлі». Пагашэньне крэдыту й выплата працэнтаў будуць адбывацца са жніўня 2007 г. да лістапада 2011 г. Год таму Беларусь ужо атрымала адзін расейскі дзяржкрэдыт — 175 млн даляраў — для кампэнсацыі павышэньня кошту паставак расейскага газу. Але цана на газ не ўзрасла, і крэдытныя сродкі былі накіраваныя на пакрыцьцё бюджэтнага дэфіцыту-2004.

Да 20 сьнежня Мікалай Корбут плянуе падпісаць у Вене яшчэ адно крэдытнае пагадненьне — пра прыцягненьне супольнага (сындыкаванага) крэдыту некалькіх банкаў на суму 34 млн даляраў. Гэта будзе першы крэдыт такога тыпу, прыцягнуты ўрадам. Арганізатары крэдыту — расейскі «Замежгандальбанк», аўстрыйскі «Райфайзэн Цэнтральбанк» і ягоны беларускі партнэр «Прыёрбанк».

Вялікі аб’ём крэдытных сродкаў у найбліжэйшы час паступіць з Кітаю: 184,2 млн даляраў ад Экспартна-імпартнага банку і 50 млн урадавага крэдыту. Сродкі пойдуць на аплату абсталяваньня й разгортваньне сеткі апэратара мабільнай сувязі «Бест».

Прыцягваньне крэдытаў павялічыць замежны доўг Беларусі, які скарачаўся апошнім часам (цяпер — 600 млн даляраў). Да канца году ён узрасьце да 1 млрд даляраў. Разам зь іншымі запазыкамі — замежныя даўгі беларускіх банкаў, па «іншых сэктарах, крэдыты замежных фірмаў (прамыя інвэстыцыі) — агульная лічба ўражвае: амаль 5 млрд даляраў.

Прафэсар Станіслаў Багданкевіч ня бачыць у гэтым вялікае небясьпекі: «Увесь сьвет жыве на пазыках. Але з атрыманьнем крэдытаў трэба павышаць тэхналягічны складнік у вытворчасьці, каб не пусьціць крэдыты ў паветра. У нас толькі 4% эканомікі складаюць высокія тэхналёгіі, у прамысловасьці 30% прадпрыемстваў стратныя, яшчэ больш за 35% працуюць з узроўнем рэнтабэльнасьці ад 0 да 5%», — кажа С.Багданкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?