Я б ніколі не напісала Вам гэты ліст, калі б не адна акалічнасць — у мяне ёсць надзея, што на ўсё сказанае Вы паглядзіце не з пазіцыі чыноўніка. Ваш унук і мае дзеці вучацца ў адной установе адукацыі, больш за тое, мая дачка — у паралельным класе. На мае лісты чыноўнікам заўсёды прыходзіць адказ у вызначаны законам тэрмін, але грамадзянам патрэбныя не адказы, а рашэнні.

Чыноўнікі бачаць планы і нормы, мамы і дзядулі — жывых дзяцей і іх праблемы.

Анатоль Афанасьевіч, я прачытала ў навінах пра Вашую занепакоенасць тым, што Беларусь адстае па колькасці гадзін, навучальных дзён у годзе ад сусветных лідараў адукацыі. І прывялі ў прыклад шэраг краін, напрыклад, Японію, дзе вучацца 260 дзён у годзе. «Калі гэтую сітуацыю не папраўляць, то мы можам пачаць выпускаць у жыццё неканкурэнтаздольнае пакаленне», — папярэдзілі Вы Саўмін у сваёй справаздачы.

Шчыра Вам скажу, я вельмі спалохалася. Мая дачка тры дні з пяці заканчвае навучанне ў школе ў 14.10, пасля яна едзе ў звычайную музычную школу да 14.40 і займаецца там з «фортачкай» да 18.10, дадому вяртаецца не раней чым у 19.00. У 20.00 яна сядае рыхтаваць хатняе заданне на заўтра па чатырох-пяці прадметах. Я падумала: «Божа мой! Японцы дакладна камікадзэ!» і пачала чытаць пра японскую сістэму адукацыі.

Анатоль Афанасьевіч, Вы не сказалі Саўміну, што ў Японіі пачатковая школа складаецца з 6 класаў, дзе вучацца да 12 гадоў, колькасць урокаў у дзень не больш за чатыры пры працягласці 45 хвілін, і хатніх заданняў у іх пачатковай школе не задаюць зусім. Я пералічыла нашы пятыя і шостыя ўрокі, а таксама прадугледжаныя санітарнымі нормамі дзве гадзіны на дамашнюю работу (дарэчы, часта трэба больш за дзве), суаднесла гэты аб'ём з японскай мадэллю, і ў мяне выйшла, што нашы дзеці вучацца больш, чым японскія, на 59 дзён. Прашу Вас улічыць гэтую інфармацыю, калі Вы сур'ёзна лічыце, што праблема якасці адукацыі вырашаецца колькаснымі паказчыкамі.

Вы таксама прывялі ў прыклад Францыю і таксама толькі ў кантэксце колькасці дзён навучання, але ў Францыі разам з павелічэннем дзён у найбольш таленавітых вучняў ёсць магчымасць скончыць сярэднюю адукацыю са ступенню бакалаўра. Да вучняў, у залежнасці ад здольнасцяў, прымяняецца індывідуальны падыход у навучанні. Ваша прапанова забараніць шасцігодкам наведваць дзіцячыя сады, калі няма медыцынскіх паказанняў, і адправіцца ў школу — індывідуальныя асаблівасці дзіцяці не ўлічвае. А Вы ж самі прызналі, што якасць падручнікаў і лёгкасць засвойвання матэрыялу гэта вострая праблема. Не кожны дзіцячы розум здольны яе пераадолець у 6 гадоў.

Хацела звярнуць Вашу ўвагу на іншы аспект праблемы падручнікаў. Я ўзяла ў суседкі шалі, каб праверыць, ці адпавядае згаданым нормам вага заплечніка пяцікласніка. Варта згадаць, што суседка — студэнтка дзённага аддзялення 4-га курса педуніверсітэта і настаўнік па сумяшчальніцтве. З-за дэфіцыту кадраў на стаўку працуюць і іншыя дзяўчаты ў яе групе. Усе са згоды дэканата, зразумела. Ці дазволяць працаваць трэцякурснікам, калі Вы павялічыце колькасць гадзін навучання, вось у чым пытанне. А шалі паказалі поўную адпаведнасць з нормай — 3 кг. Шчыра, я паспела падумаць «значыць, так і трэба», але настаўніца падняла на смех наіўную маці: «Ды ведаюць яны выдатна, колькі важаць гэтыя ранцы, і пад гэта нормы падганяюць, 10—15% вагі дзіцяці, ну-ну».

Анатоль Афанасьевіч, тады я зрабіла па-іншаму. Я паклала ў свой заплечнік 10% сваёй вагі, 6 кілаграмаў (не той выпадак, калі па-жаночаму падманеш), надзела на 1,5 гадзіны і зрабіла выснову — так не трэба. Кожны ў Мінадукацыі зробіць такую выснову, калі правядзе над сабой такі просты эксперымент. І гэта якраз тая праблема, вырашыць якую можна «без стварэння якіх-небудзь працоўных груп» — трэба проста выдаваць ахвотным падручнікі ў электронным выглядзе.

Я горача падтрымліваю сказанае Вамі аб размеркаванні — «школе патрэбен добры настаўнік, а не дачаснік». Але ведаеце, па маіх ацэнках, справа не толькі ў цякучцы. У класе майго старэйшага сына ў той жа ўстанове адукацыі незадаволеныя якасцю выкладання аднаго з прадметаў бацькі звярнуліся да класнага кіраўніка з гэтым пытаннем. Нам патлумачылі, што настаўнік «працуе па размеркаванні і замяніць яго нельга». Вельмі дурная сітуацыя атрымалася, хоць і на два гады. З іншага боку, у нас была таленавітая настаўніца па ангельскай, якая пасля адпрацоўкі сышла ў перакладчыкі. А гэта ўжо сумная сітуацыя.

Я пацікавілася, як у Японіі, Анатоль Афанасьевіч. Даведалася, што прафесія настаўніка вельмі прэстыжная ў сувязі з высокай зарплатай. Каб стаць настаўнікам, акрамя вышэйшай адукацыі трэба дадаткова здаць на ліцэнзію, а потым яшчэ пры прыёме на працу ў школу рада школы ладзіць экзамен сярод кандыдатаў, каб выбраць найлепшага. Я не буду казаць Вам непрыемныя рэчы, агучваць прахадны бал у наш педагагічны ўніверсітэт, Вы яго самі ведаеце. Мне толькі здаецца, што сітуацыя «залічаны ўсе абітурыенты, якія падалі заявы» — гэта перабор. Я думаю, гэта неяк звязана з пытаннем пра колькасць гадзін. Прабачце за дрэнны тон, але ўспомніўся анекдот «тры разы патлумачыў, ужо сам зразумеў, а яны не разумеюць».

Анатоль Афанасьевіч, Вы правільна адзначылі трывогу настаўнікаў беларускай мовы. Я хацела б дадаць, што Ваш унук і мая дачка вучацца ва ўстанове адукацыі з беларускай мовай навучання, але вымушаныя набываць контурныя карты, атласы, працоўныя сшыткі па прадметах на рускай мове ў сувязі з тым, што на беларускай іх не выдаюць наогул ці малым тыражом. Дарэчы, пра тое, што бацькі занялі «пазіцыю іншых назіральнікаў», бацькі звярталіся па гэтым і іншых пытаннях у Мінадукацыі, але, як я ўжо казала вышэй, мы атрымліваем адказы ў вызначаны законам тэрмін, а не рашэнні.

Анатоль Афанасьевіч, да канца гэтага ліста я сама стала камікадзэ і скажу апошняе.І Вы, і мы, бацькі, аднолькава разумеем, што

якасць адукацыі не паляпшаецца ад павелічэння колькасці гадзін. Якасць адукацыі паляпшаецца методыкамі, індывідуальным падыходам і падрыхтаванымі кадрамі.

А павялічыць колькасць гадзін можна толькі для прыкрыцця бяздзейнасці або неплацежаздольнасці ў вырашэнні гэтых пытанняў. Дык вось, Анатоль Афанасьевіч, ведайце — кароль голы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?