Кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» (ЛНР) Ігар Платніцкі выклікаў на дуэль прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку, «каб пакласці канец вайне». Платніцкі прапануе такім чынам вызначыць пераможцу ў супрацьстаянні «апалчэнцаў» з Кіевам, каб скончыць узброены канфлікт.

«Давайце па прыкладзе старажытных славянскіх правадыроў і слаўных казацкіх атаманаў сыдземся ў паядынку. Хто пераможа, той і дыктуе супрацьлегламу боку свае ўмовы», — гаворыцца ў адкрытым лісце Платніцкага, адрасаваным Парашэнку.

Платніцкі не сумняваецца ў сваёй перамозе.

«Я прапанаваў старажытны, старадаўні звычай, дзе Гасподзь пакарае няправых», — сказаў лідар «ЛНР».

У той жа час ён заявіў, што «не ўяўляе» магчымасці сваёй паразы. «Мы заўсёды казалі і сцвярджаем, што наша справа правая і перамога будзе за намі — мы гэта даказалі раз, можам даказаць і ў другі, але зноў жа цаной смерцяў многіх людзей і з нашага, і з іх боку. Дык навошта ж? Няхай Пятро Аляксеевіч пралье хоць раз сваю кроў і дакажа народу, які яго выбіраў, што ён, сапраўды, кіраўнік, што ён здольны ўстаць на абарону свайго народа нават коштам уласнага жыцця», — заявіў кіраўнік ЛНР.

Кіраўнік ЛНР прапанаваў прэзідэнту Украіны выбраць месца правядзення двубою і даў яму права выбару зброі.

«Я не супраць прамой трансляцыі на любым тэлеканале, калі Вы палічыце гэта магчымым. Выбар месца паядынку і зброі пакідаю за вамі. Кожны бок мае права прывесці па 10 назіральнікаў-секундантаў і па 10 прадстаўнікоў СМІ, каб паядынак прайшоў сумленна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?