БТР «Бумеранг», якія распрацоўваюцца для арміі РФ, не з'явяцца на парадзе 9 мая 2015 года, хоць іхны ўдзел планаваўся, паведамляюць расійскія СМІ.

«На жаль, распрацоўшчыкі «Бумеранга» сутыкнуліся з цяжкасцямі рознага плана. З-за гэтага стварэнне доследнай партыі бронетраспарцёраў для ўдзелу ў парадзе 9 Мая на Краснай плошчы стала праблематычным», - паведаміла крыніца «Інтэрфакса».

Раней галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі РФ генерал-палкоўнік Алег Салюкоў заяўляў, што на парадзе пройдзе найноўшая баявая тэхніка Расіі, у тым ліку «Бумерангі».

Колавыя машыны «Бумеранг» распрацоўваюцца дзяржаўнай Ваенна-прамысловай кампаніяй РФ (ВПК). Яны павінны стаць адзінай платформай для баявых колавых машынаў (колавых танкаў, баявых машын пяхоты і бранетраспарцёраў). Вырабляць машыны будзе Арзамаскі машынабудаўнічы завод.

У 2012 годзе гендырэктар ВПК Дзмітры Галкін казаў, што першыя доследныя машыны на платформе «Бумеранг» з'явяцца ў 2013 годзе.

У кастрычніку з'явілася інфармацыя, што на маскоўскім парадзе 9 мая 2015 года не будзе і новых танкаў на платформе «Армата», з распрацоўкай якіх расійскія інжынеры таксама не спраўляюцца ў прызначаныя начальствам тэрміны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0