У Боснію марыў патрапіць, калі прачытаў Мешу Селімавіча, Міленку Ергавіча і Тэю Обрэхт. Дзівосны край, дзе пераплятаюцца казкі і праўда, шчасце і гора, мір і вайна… Вайна. Гэта, мабыць, першаснае ўяўленне і асацыяцыя, якая спрацоўвае ў галовах людзей, калі чуеш пра Боснію. У маёй памяці назвы баснійскіх гарадоў заселі назаўжды яшчэ з пачатку 90-ых, калі навіны з Балкан ішлі ў кожным выпуску навінаў любога тэлеканала. Слова «генацыд», ці нават «разня» і «асада» мала што значылі ў маім дзіцячым свеце. Навіны ж я глядзеў для таго, каб пабачыць, а потым замаляваць сцягі невядомых мне дзяржаваў.

Шчыра кажучы, паездку ў Боснію мы сёлета зусім не планавалі. Так атрымалася даволі выпадкова. Амаль цэлы год мы цешылі сябе спадзяваннямі, што паляцім у Стамбул. Але хтосьці вельмі доўга мяняў пашпарт. Пакуль мы ўзяліся купляць білеты, цэны на іх істотна ўскочылі, таму ад Турцыі сёлета было вырашана адмовіцца. Знайшлі танныя білеты да харвацкага Задара. Пасля гэтага я прапанаваў заехаць на пару дзён у Боснію.

У Сараева мы ехалі з харвацкага Спліта. Расклад руху аўтобусаў абяцаў, што дабрацца мы павінны за шэсць гадзін, але ніколі не верце балканскім раскладам руху. Смела дадавайце па некалькі гадзін. Здаецца, што дарога да Сараева заняла 7,5 гадзіны. У Боснію і Герцагавіну цяпер абсалютна спакойна можна ехаць ці ляцець маючы шматразовую шэнгенскую візу. Раней патрэбна было атрымліваць нацыянальную баснійскую ў Маскве, што заўважна ўскладняла задучу. На харвацка-баснійскай мяжы няма такога ажыятажу, як на мяжы беларуска-літоўскай. Усяго некалькі машын. Баснійскія памежнікі нават не паставілі пячатку ў пашпарт. Ніякіх дадатковых пытанняў яны не задаюць.

Па дарозе я не фоткаў, але паверце, што гэта краіна надзвычайнай прыгажосці. Ці не першае, што бачыш на баснійскім баку, — возера Бушка Блата. Аграмаднае і чыстае, яго сузіранне захоплівае. Размяшчаецца яно ў такой спецыфічнай карставай упадзіне, якія на Балканах называюцца «полья». У выніку ў акружэнні гораў утвараюцца цэлыя даліны і катлавіны працягласцю дзясяткі і сотні кіламетраў. Але неўзабаве пачынаюцца горы і непралазны лес. Мабыць, кожная дарога ў гарах каштуе цэлы скарб. Дзесьці ўнізе халодныя плыткія рэчкі. Час ад часу трапляюцца крывыя стажкі сена і роўныя мінарэты вясковых мячэцяў. Пасвяцца белыя авечкі, чорныя козы, рудыя каровы. Мёд і сыр прапануюць нячастыя прыдарожныя гандляры. Як іголачкі, панатырканыя на пагорках магілы. У харвацкіх вёсках надмагіллі чорныя, у мусульман — белыя.

Жыллё ў Босніі недарагое, як і ўсё астатняе. Мы здымалі двухпакаёвы нумар у хостэле ў самым-самым цэнтры Сараева за 20 еўра. Праблем знайсці гатэль у цанавым дыяпазоне ад 30 да 40 еўра няма ніякіх праблем.

Сараева з трох бакоў акружанае гарамі. Своеасаблівы кацёл. А яшчэ гэта кацёл этнічны і рэлігійны – баснякі, сербы, харваты, габрэі, цыганы. У Сараеве нарадзіліся рэжысёр Эмір Кустурыца і музыкант Горан Брэгавіч.

А яшчэ Сараева — гэта месца, дзе пачалася Першая сусветная вайна. Гэта той самы Лацінскі мост, дзе адбылося забойства аўстрыйскага эрцгерцага Фердынанда. Цяпер гэты мост ужо называюць Гаўрылавым. Нядаўна ў Сараеве ўсталявалі помнік Гаўрулу Прынцыпу.

Ці бяспечна ў Сараеве? Мне падалося, што абсалютна. Як казаў адзін мой сябра: «Расслабся, усе баснійцы расслабленыя, пакуль не пачнецца новая вайна».

Рэчка Міляцка цячэ праз Сараева, здаецца, назву сваю яна апраўдвае. Па другі бераг ракі Мілячкі — мусульманскія могілкі. Падняцца на іх варта, бо адтуль адкрываецца цудоўны від з вышыні на Сараева.

Галоўнае турыстычная славутасць Сараева – гэта старажытная плошча Башчаршыя. Чаршыя на Балканах (найперш у Босніі, але і ў Македоніі) – гэта галоўная гандлёвая і дзелавая вуліца горада. У народзе Башчаршыю яшчэ называюць плошчай галубоў. У цэнтры Себіль-фантан, абапал яго некалькі мячэцяў.

Сапраўды, складваецца ўражанне, што нейкім выпадковым чынам ты трапіў у Стамбул, хоць зусім нядаўна выходзіў з вулак, якія больш нагадвалі Вену ці Прагу, чым азіяцкія сталіцы. Варта нагадаць, што ўначы вы таксама лёгка можаце прачнуцца ад песняў муэдзіна, яны чуваць ці не ва ўсім горадзе.

Калі казаць у цэлым, то Сараева — адзін з самых атмасферных гарадоў, у якіх мне пашчасціла пабываць. Параўнацца з ім могуць хіба што Баку і Львоў.

Ну а цяпер, канечне ж, пару словаў пра ежу ў Босніі:) Варта найперш адзначыць, што цэны ў Босніі прыкладна ў два разы ніжэйшыя, чым у суседняй Харватыі. Нават у цэнтры Сараева абед на дваіх будзе каштаваць крыху больш за 10 еўра. Самая славутая страва, якую вам прапануюць усе тутэйшыя кавярні – каўбаскі чэвапі, у порцыі іх будзе з паўтузіна, а то і болей. Зробленыя з рубленага мяса, а падаюцца яны з бульбай-фры, пітай і нарэзанай свежай цыбуляй. Падобная страва – плескавіца. Гэта такая пляскатая катлета, бывае фаршыраваная цыбуляй і грыбамі. Прапануюць вам і далму – своеасблівыя галубцы, завернутыя ў лісце вінаграда.

Калі ў нас кукурузу прадаюць вараную, то ў Босніі яе смажаць. А таксама абавязкова варта набыць некалькі шарыкаў мясцовага марозіва.

Асаблівы пункт на Балканах – гэта мясцовыя пякарні. Тут прапануюць бурэкі з мясам, сырам ці капустай, штрудзелі з яблычнай ці вішнёвай начынкай. Прычым, як правіла, усё гэта робіцца на месцы, а не прывозіцца аднекуль з фабрыкі. Свежае, духмянае і вельмі смачнае.

Але самае вялікае злачынства – гэта быць у Сараеве, але не пакаштаваць «баснанскай кафы» з пахлавой. Каву прыносяць у прыгожай турцы, а ўжо пасля яе разліваеш па маленькіх філіжанках (па-баснійску filidžan). Абавязкова прыносяць ваду, бо кава густая і салодкая. Ну а пахлавы якой толькі няма: фісташкавая, шакаладная, апельсінавая, з грэцкім арэхам… Дзве кавы і чатыры пахлавы абыдуцца вам у 5—6 еўра.

Не паверыце, але нават я пакаштаваў кавы! Не піў да гэтага яе гадоў сем.Прыйшоў да высновы, што нічога не згубіў.

Ну а калі хочацца выпіць смачнага піва, то найлепш гэта рабіць у бары пры мясцовым бровары. Для Сараева гэта знакавае месца. У пачатку 90-ых, калі горад трываў аблогу, бровар быў ледзьве не адзіным месцам у горадзе, дзе заставалася чыстая пітная вада. Сюды прыходзілі ледзьве не з усяго горада. Дарэчы, год заснавання сараеўскай піваварні – 1864, у той самы год бровар заснавалі і ў Мінску.

Шчыра прызнацца, я не асабліва рыхтаваўся, нават не ведаў, што грашовая адзінка Босніі называецца канвертаваная марка. Лічыць яе вельмі лёгка: 1 еўра = 2 маркі. Знайсці ў Сараева сувенір на свой густ задача простая і складаная адначасова, бо вочы разбягаюцца і хочацца набыць усё адразу.

Дарэчы, амаль на кожным адміністрацыйным будынку вісяць шыльды з імёнамі забітых на вайне, якія тут працавалі, вучыліся ці жылі. Ніхто не забыты. Апроч гэтага, пра вайну напамінаюць сляды ад куляў у сценах многіх дамоў.

А яшчэ ў Сараеве ходзяць каларытныя олдскульныя трамвайчыкі. Мабыць, пакатушкі на трамваях трэба таксама занесці ў абавязковы пункт праграмы падчас наведвання Сараева.

Яшчэ адным пунктам мусіць быць наведванне закінутых алімпійскіх аб'ектаў,то засталіся тут ад Зімовых гульняў 1984. Мы, праўда, не паспелі туды з'ездзіць.

На адной з плошчаў Сараева штовечар гуляюць у шахматы. Разявакі бяруць спарынг-партнёраў у шчыльнае кальцо, сочачы за кожным іхнім рухам. Мне прыгадваўся анекдот:

— А вы маглі б заняцца сэксам на цэнтральнай плошчы горада?

— Не, парадамі замучылі б.

Непадалёку бюсты вялікіх баснійскіх пісьменнікаў Іва Андрыча, якому я пацёр матылёк, і Мешы Селімавіча. Кнігу апошняга «Дэрвіш і смерць» я прачытаў летась. Наймагутнейшае ўражанне. Кажуць, што пасля апублікавання рамана Селімавіч атрымаў ліст ад чытачкі, дзе яна пыталася: «Ці зможаце вы напісаць нешта яшчэ? Бо гэтай кнігай вы сказалі ЎСЁ».

Увогуле ў Сараева трэба проста хадзіць па вуліцах ды атрымліваць асалоду.

Ад кожнага дворыка.

Ад кожнай вуліцы. Ад сувенірных крамак і двароў мячэцяў.

Ад мясцовых людзей, якія ніколі не чулі пра Лукашэнку. І нічога не ведаюць пра Беларусь. Адзін уладальнік кавярні ў нас пытаўся, ці Пуцін наш прэзідэнт. Хай дзіка, але з палёгкай кажаш, што не.

Я ў другі раз быў у мусульманскай краіне — першай быў Азербайджан. Баку ў мяне запомніўся горадам коцікаў, якіх дзясяткі вольна ходзіць і ляжыць у Старым горадзе. Для мусульманіна кот — жывёла паважаная, у адрозненне ад сабакі.

На наступны дзень мы паехалі ў Мостар. Усе турыстычныя даведнікі кажуць, што гэта самы прыгожы горад Босніі. Дакладней, нават Герцагавіны. Дарога зноў прынясе вам абсалютнейшае эстэтычнае задавальненне. Але помніце, што аўтобус у час, канечне ж, не прыдзе да месца.

Галоўная адметнасць Мостара, якая прымушае туды ехаць штогод тысячы і тысячы чалавек, гэта Стары Мост праз раку Нярэтву. Ён быў пабудаваны туркамі яшчэ ў XVI стагоддзі. Але быў разбураны падчас апошняй вайны (1992—1995). Аднак у 2004-м годзе мост быў адноўлены найперш намаганнямі ЮНЕСКА, а таксама Італіі, Галандыі, Вялікабрытаніі і іншых дзяржаваў.

А гэта выгляд знізу.

Варта адзначыць, што Мостар не такі ўжо малюпасенькі горад, як мы думалі. «Мост ды пару кавярняў вакол яго». Мы нават заблукалі крыху перад тым, як знайшлі гатэль.

У Мостары мы прабылі менш за суткі. Пасля чаго рушылі ў Вольны Горад Дуброўнік. Боснія надзвычай цікавая самабытная краіна, ні разу не пашкадаваў, што накіраваўся туды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?