За новы фільм паводле рамана-антыўтопіі Джорджа Оруэла «1984» возьмецца брытанскі рэжысёр Пол Грынграс, паведамляе Deadline.

Вытворчасць фільма «1984» запусціць кампанія Sony, Яе рэжысёрам прызначаны Пол Грынгерс, вядомы па фільмах «Крывавая нядзеля», «Перавага Борна» і «Ультыматум Борна» ды свежым «Капітан Філіпс». Прадзюсарам стане Скот Рудын, уладальнік «Оскара» за «Старыкам тут не месца». Сцэнар напіша драматург Джэйс Грэм.

Дата пачатку здымак і акторскі склад пакуль невядомыя.

Першы фільм па рамане 1949 года быў зняты ў 1956-м. Болей вядомы брытанскі фільм рэжысёра Майкла Андэрсана, які здымаўся ў 1984-м.

Паводле сюжэтаў рамана і фільмаў, чалавецтва перажыла глабальную ядзерную вайну. Свет падзяліўся на тры звышдзяржавы. Кожная вядзе вайну з адной пры міры з другой — але за адзін дзень сябра і вораг могуць памяняцца месцамі не толькі на палітычнай арэне, але і ў прэсе, падручніках гісторыі і (дабраахвотна) у памяці людзей.

Раман 1984 увёў такія азначэнні як «Старэйшы Брат» (таталітарны кіраўнік і яго сістэма, якая кантралюе ўсе аспекты жыцця грамадзяніна і назірае за ім у кожны момант), «ангсоц» (таталітарная палітычная сістэма, што бязлітасна знішчае «ворагаў дзяржавы» ды наўмысна трымае народ у голадзе), «навамоўе» (штучная канцылярская мова, прызваная замяніць жывую гамонку), «думзлчынства» (злачынства, якое складаецца з адной толькі «злой» думкі ці сумневу) і многія іншыя. Жартуюць, што некаторыя сучасныя кіраўнікі дзяржаў успрымаюць «1984» не як мастацкі твор, а як інструкцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0