Два дні таму мінскія эколагі выпусцілі ў Свіслач 10 тысячаў рыбін: белага амура, таўсталобікаў, карасей і шчупакоў. Рыбу выпусцілі ў чатырох месцах: ля ЦЭЦ-2, у вадасховішча Дразды, Чыжоўскае вадасховішча і ў Камсамольскае возера.

Эколагі кажуць, што расліннаедныя рыбы будуць ачышчаць рэчышча Свіслачы ад вадзяной расліннасці і тым самым эканоміць бюджэтныя грошы, якія ідуць на тыя самыя мэты.

Аднак чытачы «НН» занепакоіліся, ці не прынясе зарыбленне ракі гэтымі відамі больш шкоды, чым карысці. Так, карыстальнік пад нікам Саша прыгадаў незайздросны лёс возера Швакшты ў Пастаўскім раёне Віцебскай обласці.

Возера Швакшты даследавалі біёлагі Аляксандр Астапеня і Таццяна Жукава. У дакладзе НАН Беларусі яны пісалі, што назіранне за возерам эпізадычна вядзецца з 1948 года. Швакшты заўсёды адрознівалася чыстай вадой — празрыстасць вады дасягала трох метраў. Аднак у выніку зарыблення возера белым амурам і таўсталобікам вада ў возеры стала мутнай.

Справа ў тым, што рыбы з'елі прыдонную расліннасць возера і парушылі баланс біясістэмы возера. У выніку ў возеры актыўна развіваецца фітапланктон, а празрыстасць вады возера знізілася да 0,5 метра.

Намеснік дырэктара па навуковай працы РУП «Інстытут рыбнай гаспадаркі», кандыдат біялагічных навук Уладзімір Каставусаў патлумачыў, што наўрад ці новыя касякі рыбы наўрад ці пашкодзяць Свіслачы, а хутчэй наадварот прынясуць карысць. Хоць у пачатку гутаркі навуковец незадаволена адзначыў, што ў гэтым выпадку з Інстытутам ніхто не раіўся, а пра акцыю па зарыбленні Каставусаў сам даведаўся са СМІ.

«Для Свіслачы і для цэлага каскаду вадасховішчаў на ёй гэта рыба не прынясе ніякай шкоды. Белага амура ўжо выпускалі ў вадасховішча Дразды і Крыніца раней. Яны правялі добрую меліярацыю, павысілі прапускную здольнасць вадаёма, панізілі ступень зарастання водарасцямі.

Я не бачу нічога страшнага, што падсаджана нейкая колькасць рыбаў, бо Свіслацкая экасістэма — рачная, цякучая. Яна ў многім вызначаецца не столькі ўласнай воднасцю, колькі аб'ёмам пропуску вады з Вілейскага вадасховішча. На сённяшні дзень гэта цалкам штучна фармаванае асяроддзе. Таму нейкія маніпуляцыі з рассяленнем рыбы наўрад ці змогуць сказацца на яго стане, бо ёсць іншыя моцнадзейныя фактары.

Калі ідзе спуск вады з вадасховішча, рэчышча прамываецца. Калі ўзровень вады нізкі, рэчышча заглейваецца, бо праз шматлікія плаціны хуткасць плыні ракі зніжаецца, гэта спрыяе назапашванню глею, за якім цягнуцца ўсе негатыўныя наступствы аж да развіцця макрафітаў», — сказаў Каставусаў.

Каставусаў таксама патлумачыў, што захаванне высокай прапускной здольнасці Свіслачы ёсць важнай задачай:

«Мінсквадаканал ужо праводзіў зарыбленне вадасховішчаў Крыніца і Дразды пасля таго, як востра паўстала пытанне аб зарастанні і зніжэнні прапускной здольнасці. А калі стаіць пытанне ў гаспадарчым выкарыстанні Свіслачы хаця б з тым, каб разбаўляць сцёкі з мінскіх ачыстных збудаванняў, а з іх выліваецца вады больш, чым калісьці ў Свіслачы было ў яе натуральным стане, то трэба разумець, што важней. А якасць вады фарміруецца не працэсамі самаачышчэння, а аб'ёмамі спуску з Вілейкі і аб'ёмамі гарадскіх сцёкаў. Свіслач бадай што самая брудная рака ў Беларусі, калі не лічыць якіх-небудзь маленькіх рачулак. Таму мінімізацыя гэтых негатыўных момантаў рознымі метадамі мусіць толькі вітацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?