Былы камандуючы г.зв. «апалчэннем» Данбаса Ігар Стралкоў прызнаў адказнасць за пачатак ваеннага канфлікту на ўсходзе Украіны. Адпаведную заяву ён зрабіў у інтэрв'ю газеце «Завтра».

«Спускавы кручок вайны ўсё-такі націснуў я. Калі б наш атрад не перайшоў мяжу, у выніку ўсё б скончылася, як у Харкаве, як у Адэсе. Было б некалькі дзясяткаў забітых, абпаленых, арыштаваных. І на гэтым бы скончылася», — заявіў Стралкоў, паўтарыўшы, што «практычна махавік вайны, якая да гэтага часу ідзе, запусціў наш атрад».

Па словах былога камандуючага, яго атрад «змяшаў усе карты», пачаўшы ваяваць сур'ёзна і знішчаць «дыверсійныя групы правасекаў».

«І я нясу асабістую адказнасць за тое, што там адбываецца. За тое, што да гэтага часу Данецк абстрэльваюць, — я нясу адказнасць. За тое, што Славянск пакінуты, вядома, я нясу адказнасць», — сказаў на заканчэнне ён.

Каментуючы пачатак канфлікту, Стралкоў адзначыў, што першапачаткова ваяваць не хацеў ніводны з бакоў: ні апалчэнцы, ні ўкраінскія сілавікі.

«Першыя дні ў Славянску і мы, і яны вельмі асцярожна падыходзілі да прымянення зброі, — распавёў ён. — Доўгі час мы не чапалі іх блакпасты, і яны не праяўлялі агрэсіі». Атакі на Славянск, па яго словах, былі ўжо пасля таго, як украінскі бок упэўніўся ў тым, што ў канфлікт наўпрост не ўмяшаецца Расія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?