Прававы інспектар прафсаюза РЭП і жыхар Баранавічаў Аляксандр Войцішак распавёў praca-by.info, як трапіў у Нясвіжскае РАУС.

«Раніцай у панядзелак у адным з пунктаў грамадскага харчавання ў Нясвіжы я папрасіў выдаць мне кнігу заўваг і прапаноў. Буфетчыца гэта зрабіць адмовілася. Дырэктар, які з'явіўся неўзабаве, таксама мне ў гэтым адмовіў. Паколькі кніга заўваг павінна выдавацца па першым патрабаванні, я патэлефанаваў у міліцыю, — распавёў Аляксандр Войцішак. — Нарад прыбыў, і так як усё паказвала на маю рацыю, капітан Радчанка стаў складаць пратакол. У гэты час яму нехта патэлефанаваў. Мяркую, што дырэктар пункта грамадскага харчавання мог звязацца з некімсьці з міліцыі, бо пасля гэтага тэлефанаваня мяне папрасілі накіравацца ў РАУС.

Падстаў для абвінавачвання мяне ў чым-небудзь не было, я быў цвярозы. Тады было заяўлена, што, патрабуючы кнігу заўваг, я нібыта нецэнзурна лаяўся. Больш за тое, мяне не накіравалі ў суд ні ў панядзелак, ні ў аўторак. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што я буду сядзець, бо не прызнаў сваёй віны. Дробныя хуліганы, якія аказваліся ў камеры са мной, хутка адпраўляліся на суд, прызнаўшы сваю віну.

У сераду, калі ў Нясвіжскім РАУС сталі тэлефанаваць журналісты і старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, мяне, нарэшце, адправілі на суд. Так як я запатрабаваў сабе абаронцы, то пасяджэнне перанеслі на 28 лістапада.

У дадзены момант рыхтую зварот у Следчы камітэт. Лічу, што сутыкнуўся з такім бязмежжам, таму што быў прыезджым. Мяркую, што паміж дырэктарам пункта грамадскага харчавання і мясцовай міліцыяй існуюць сяброўскія адносіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0