Сэрвіс мікраблогаў Twitter з нядаўняга часу ўвёў прасунуты пошук па твітах. Твіты можна шукаць паводле лакацыі і паводле даты — пачынаючы з самага першага твіта, напісанага стваральнікам сэрвіса Джэкам Дорсі 21 сакавіка 2006 г. «Наша Ніва» праглядзела першыя твіты пра Беларусь.

Хай кожны твіт гэта толькі 140 знакаў, хай у яго не ўкладзеш шмат словаў, але за кожным «ціўканнем» у славутым сэрвісе мікраблогаў можна знайсці цікавую гісторыю.

Упершыню твіт са словам «Belarus» апублікавала мікраблогер з Каліфорніі @bakingfairy.

15 ліпеня 2006 года яна прапанавала ў толькі што народжаным сэрвісе ў гульню ды спытала, як называецца сталіца Беларусі. Сапраўднае імя жанчыны — Озлем Оздэнер, яна валодае рэстаранам веганскай ежы ды вядзе кулінарны блог.

Наступны раз пра Беларусь у Twitter згадалі толькі праз чатыры месяцы.

Галоўны інжынер буйной інтэрнэт-крамы Wanelo і па сумяшчальніцтве прадусар электроннага дуэту Polygroovers  Канстанцін Грэдэскол заўважыў, што яго гурт атрымаў ратацыю на радыё ў Беларусі і Аўстрыі.

Затым пра Беларусь прыгадвалі ў навінах BBC: Ангела Меркель у студзені 2007 года заявіла, што рашэнне Расіі спыніць пастаўкі нафты праз Беларусь — непрымальнае.

Упершыню пра Беларусь у кірылічным напісанні твітнуў Алекс Дараховіч, фронт-энд распрацоўшык вэб-студыі «Potok Proyektov».

«Мик Джагер и «Жыве Беларусь!», — напісаў ён і даў спасылку на відэа, дзе музыка Мік Джагер жадае кожнаму на Беларусі поспехаў ва ўсіх праектах, звязаных са свабодай слова і свабодай сходаў на шляху да далучэння да Еўропы. Відэа было запісанае напярэдадні «Еўрапейскага маршу» 2007 года.

«Вось мы тут скардзімся, а тым часам: «13-е месца ў свеце заняла Беларусь па колькасці карыстальнікаў інтэрнэту ў мінулым годзе»,піша ён жа ў наступным твіце, дзе згадваецца слова «Беларусь».

Першы раз за гісторыю Twitter літару Ў выкарыстаў у твіце Андрэй Лазук, музычны журналіст і арт-дырэктар клуба «Графіці», таксама вядомы пад ікам Zap4ik. «Хто што ведае пра Сподэк і як да яго дабрацца? Ня ведаю як вы адкажаце, пракрычыце ў вакно ці што.…» — спытаў ён 23 красавіка 2007 года. Калі мы ўсё правільна зразумелі, то да стадыёна «Сподэк» у Катовіцы (Польшча) ходзяць трамваі 6, 11, 13 і 33. Спадзяемся, не спазніліся з адказам!

 

Геалакацыя з’явілася ў Twitter з’явілася далёка не адразу, таму выявіць напраўду першы твіт з Беларусі немагчыма.

Затое першым твітам, у якім было пазначанае масца публікацыі «Беларусь» быў запіс масквіча Аляксандра Пятрова: «За мяжой прыгожа і прыемна», — піша ён і прыкладае фота з Оршы.

Ну а першы запіс у твітэры «Нашай Нівы» летам 2009 года быў такім:

А ці прыгадаецца вы свой першы твіт?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?