Сёння адбудзецца канцэрт паўфіналістаў тэлевізійнага музычнага праекта «ЕўраФэст» — нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне‑2008». Жывая трансляцыя пачнецца ў 21.45 на Першым тэлеканале. Адзіную беларускамоўную песню сярод 15 удзельнікаў паўфіналу выканае гурт «Палац», які яшчэ нядаўна быў у «чорным спісе».
Учора адбылося лёсаванне, кожны прадстаўнік гурта ці выканаўцы цягнуў канверт з парадкавым нумарам, пад якім ён будзе сёння выступаць.
«Палацу» дастаўся 12 нумар. Лідэр гурта Алег Хаменка сказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што «па вялікім рахунку, больш задаволены нумарам, чым не».
Нагадаем, канцэрт распачне гурт «The Champions», пад другім нумарам выступіць Алена Валошына, далей — Юлія Гусева, дуэт Ганна Шаркунова і Герман Цітоў, Руслан Аляхно, Аксана Кавалеўская, гурт «PinCode», Віктар Пшанічны, Gunesh, праект «Скандал», гурт «По глазам», гурт «ПАЛАЦ» (12 нумар), гурт «Dali», Катрын. З 15‑м нумарам завяршае канцэрт гурт «Litesound».
Хаменка кажа, што з аднаго боку маюць перавагу тыя, што выступаюць першымі — у іх будзе большая аўдыторыя. Але да канца канцэрт даглядзіць моладзь, якая традыцыйна найбольш актыўна галасуе, лічыць Алег Хаменка.
Сярод удзельнікаў паўфіналу Хаменка адзначае гурты «По глазам» і «Dali».
«Нашая галоўная мэта зараз — з’явіцца на БТ, бо можа быць усё, што заўгодна. Калі пакажуць па БТ, значыць, мы ўжо дазволеныя. Вось гэта самае першае такое хваляванне», — кажа лідэр гурта «Палац».
Адзначым, што фіналісты (2‑3 выканаўцы) будуць вызначаныя па выніках інтэрактыўнага галасавання тэлегледачоў і галасавання журы. Тэлегледачы змогуць аддаць свой голас за ўпадабанага выканаўцу пасля выступлення ўсіх удзельнікаў.
Для гэтага трэба будзе патэлефанаваць на бясплатны нумар 8‑803‑100‑03‑ХХ (замест ХХ трэба набраць парадкавы нумар выканаўцы).