Хакеісты гродзенскага «Нёмана» атрымалі першую перамогу ў паўфінальным турніры розыгрышу Кантынентальнага кубка сезона 2014/15.

У матчы другога тура групы Е ў Анжэ (Францыя) чэмпіёны Беларусі выйгралі ў польскага клуба «Санок» з «сухім» лікам 2:0 (1:0, 1:0, 0:0). Абедзве шайбы ў актыве Аляксея Шырокава, які вызначыўся на 5-й і 32-й хвілінах сустрэчы. У першым паядынку падапечныя Васіля Спірыдонава саступілі брытанскай камандзе «Белфаст Джайнтс» з мінімальным лікам 0:1 (0:0, 0:1, 0:0).

Сёння хакеісты «Нёмана» сустрэнуцца з гаспадаром турніру французскім «Анжэ», які ў стартавых паядынках абыграў «Санок» - 4:0 і «Белфаст» - 2:1.

Становішча каманд перад заключным турам: «Анжэ» - 6 ачкоў (розніца шайб - 6-1), «Белфаст» - 3 (2-2), «Нёман» - 3 (2-1), «Санок» - 0 (0-6).

Дзве найлепшыя каманды па выніках кругавога турніру заваююць пуцёўкі ў cуперфінал Кантынентальнага кубка 2014/15.

У ранейшыя гады «Нёман» пяць разоў выступаў на розных стадыях Кантынентальнага кубка за выключэннем суперфіналу, але ні разу не пераадольваў іх. У мінулым сезоне гродзенцы стартавалі таксама з паўфінальнага этапу (трэцяга раўнда) і не выйшлі ў суперфінал, заняўшы 2-е месца ў сваёй групе. На той момант згодна з рэгламентам гэта не дало права на працяг барацьбы за трафей.

Кантынентальны кубак разыгрываецца з сезона-1997/98. У ім двойчы перамагала мінскае «Юнацтва» (2007, 2011 гады). І яна ж двойчы займала 2-е месца (2010, 2012). Срэбным прызёрам Кубка ў 2004 годзе стаў «Гомель», у 2013-м такога ж поспеху дамогся жлобінскі «Металург».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?