Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне» (г. Мінск) абвяшчаюць новы сезон прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую дэбютную кнігу, напісаную на беларускай мове ці перакладзеную на яе, аўтару або перакладчыку ва ўзросце да 35 гадоў на момант выдання кнігі. «Дэбют» ушаноўвае маладых аўтараў, што пішуць у жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч, і ўручаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Мастацкі пераклад».

Для ўдзелу ў конкурсе трэба да 31 студзеня 2015 года даслаць заяўку на электронную скрыню [email protected] альбо на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218. Да заяўкі неабходна далучыць 2 асобнікі кнігі ў папяровым і асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 2 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

У сярэдзіне снежня будзе абвешчаны склад журы сёлетняй прэміі.

* * *

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ўручаецца з 2011 года. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў («Дзверы, замкнёныя на ключы»), Наталка Харытанюк («Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката»), Антон Францішак Брыль («Не ўпаў жолуд»), Віктар Марціновіч («Сцюдзёны вырай»), Андрэй Адамовіч («Дзень паэзіі смерці дзень»), Юлія Шарова («Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік»), Ганна Янкута (пераклад «Каляднага харала» Чарльза Дыкенса), Уладзь Лянкевіч («70% вады»), Кацярына Оаро («Сарочае радыё»), Кацярына Маціеўская (пераклад «Саламеі» Оскара Уайльда) і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0