Рассельгаснагляд 26 лістапада ўводзіць забарону на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі яшчэ з васьмі прадпрыемстваў Беларусі, гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства.

«Сёння намеснік кіраўніка Рассельгаснагляду, галоўны ветэрынарны інспектар Расіі Яўген Непаклонаў звярнуўся да галоўнага ветэрынарнага інспектара Беларусі Васіля Півавара з лістом, у якім, у прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што пры лабараторных даследаваннях выяўлена неадпаведнасць таварных партый харчовай прадукцыі, якая паступіла ў Расію з некаторых прадпрыемстваў Беларусі, нормам і патрабаванням, прадугледжаным заканадаўствам Расіі і Мытнага саюза», — адзначаецца ў паведамленні. 

«У сувязі з сур'ёзнасцю дапушчаных парушэнняў Рассельгаснагляд прыняў рашэнне аб увядзенні з 26 лістапада 2014 года часовых абмежаванняў на пастаўку ў Расію прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў ААТ «Агракамбінат Скідальскі», ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», СЗАТ «Сервалюкс Агра», ААТ «Віцебскі мясакамбінат», ААТ «АФВК» Жлобінскі мясакамбінат», ААТ «Калінкавіцкі мясакамбінат», ААТ «Рагачоўскі МКК» і ААТ «Птушкафабрыка «Світанак»,

— гаворыцца ў паведамленні. 

Забарона ўводзіцца ў сувязі з недапушчальным узроўнем утрымання антыбіётыкаў, а таксама сальманелы і кішачных палачак у прадукцыі гэтых прадпрыемстваў. 

«Рассельгаснагляд звярнуўся з просьбай да ветэрынарнай службы Беларусі аб правядзенні расследавання па ўстанаўленні прычын наяўнасці забароненых і шкодных рэчываў у прадукцыі гэтых прадпрыемстваў і распачаць меры па забеспячэнні паставак прадукцыі, якая адпавядае ветэрынарна-санітарным патрабаванням і нормам Мытнага саюза і Расіі», — дапаўняе расійскае ведамства. 

Раней Рассельгаснагляд забараніў увоз прадукцыі дзевяці беларускіх прадпрыемстваў з-за прэтэнзій да яе бяспекі. Абмежаванні закранулі такія прадпрыемствы, як ТАА ЗП «Інка-Фуд», філіял «Сервалюкс Агра» СЗАТ «Сервалюкс», ААТ «Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка», ААТ «Агракамбінат Дзяржынскі»; ААТ «Бабуліна крынка», ЗТАА «Белавежскія далікатэсы», ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», ААТ «Брэсцкі мясакансервавы камбінат», ААТ «Гомельскі мясакамбінат». 

Акрамя таго, паводле інфармацыі Рассельгаснагляду,

уведзена забарона на прадукцыю Слуцкага мясакамбіната, у сувязі з выяўленнем у каўбасе генома віруса афрыканскай чумы свіней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?