Міністр абароны Злучаных Штатаў Чак Хейгел падаў у адстаўку са сваёй пасады.

Як паведамляецца, прэзідэнт ЗША Барак Абама прыняў адстаўку міністра.

68-гадовы Чак Хейгел, ветэран вайны ў В'етнаме, стаў міністрам абароны ЗША ў 2013 годзе. Ён быў адзіным прадстаўніком Рэспубліканскай партыі ў сілавым блоку прэзідэнта Абамы.

Газета New York Times паведаміла, што ён падаў у адстаўку пасля змены стратэгіі Вашынгтона ў ходзе барацьбы з джыхадысцкай групоўкай «Ісламская дзяржава».

Хейгел будзе працягваць выконваць абавязкі міністра абароны да прызначэння свайго пераемніка.

Крытык вайны ў Іраку

Як чакаецца, прэзідэнт Абама афіцыйна аб'явіць пра яго адстаўку ў бліжэйшы час.

Неназваны прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта паведаміў агенцтву Асашыэйтэд прэс, што Абама і Хейгэл прыйшлі да ўзаемнай згоды ў тым, што настаў час для змены кіраўніка Пентагона, і ўжо некалькі тыдняў абмяркоўвалі гэты крок.

Чак Хейгел, у мінулым сенатар-рэспубліканец ад штата Небраска, у свой час выступаў з вострай крытыкай амерыканскай інтэрвенцыі ў Іраку, нягледзячы на тое, што сам прагаласаваў за ўвод туды амерыканскіх войскаў.

Ён змяніў на пасадзе міністра абароны Леона Панету падчас другога прэзідэнцкага тэрміна Барака Абамы. Сярод яго задач былі вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана і агульнае зрушэнне актыўнасці Пентагона на азіяцкі рэгіён.

Але ў ходзе аперацый Пентагона супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку і Сірыі агульная стратэгія ЗША ў гэтым рэгіёне змянілася.

Як чакаецца, Абама не назаве пераемніка Хейгела ў панядзелак. Калі кандыдат на пасаду міністра абароны будзе названы, ён павінен будзе заручыцца падтрымкай сената.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?