Так-так, навіной гэта было ў нашых абшарах, каб нябожчыка ня проста набальзамаваць, бо ў зямлі хаваць яго не зьбіраліся, а — усе вантробы ягоныя перамацаць, перагледзець, ды яшчэ спрачацца: што ў ім як мае быць было, я што зусім швах… Усё ж ён быў каралём, а не беспрытульным валацугам, якіх эскулапы сярэдневечныя дзеля сваіх досьледаў выкарыстоўвалі.

Надвор’е цяпер было зусім іншым у дзень, у які ён тады нечакана для Горадні памёр. Праз гэтае здарэньне нам ня толькі стан хворага вядомы па днях, але й надвор’е ў той час. Зіма была ў першай дэкадзе сьнежня моцная, сьнежная, з маразамі. Адно тэрмомэтраў бадай не існавала, таму наколькі халодна было дакладна невядома. Сёньня б ён не застудзіўся на паляваньні як тады, бо цяпер зіма яшчэ не наступіла. У нас зьмена клімату назіраецца, глябальная адліга.

А вось у 1586 годзе ў гарадзенскіх ваколіцах ад 25 лістапада да 7 сьнежня трывалі надзвычайныя маразы. А яму заманулася штодня паляваць. Аднойчы каля дваццаці дзікоў нашых беларускіх забіў. Ясна: ратоў хапіла б, але гэта нагадвае пазьнейшыя чаўшэскавы паляваньні… Дзік — наш лясны сымболь, пасьля зубра, ягоны меншы брат (тураў колішніх мы ня ведаем). Гэткі зьвер-партызан. Сам кароль ці пакаштаваў уласнай рукою ўпаляваных пушчанскіх зьвяроў? Кепска яму зрабілася бо.

Сам я ва ўгодкі яго сьмерці, пра якія думаў напярэдадні, вяртаўся тым шляхам, якім ён калісьці прыбыў у наш горад, вяртаўся, адчуваючы, як мяжа робіцца ўсё шчыльнейшай, Эўропа ўсё больш закрытай, хоць няма халоднай вайны і справа зусім не ў калючым дроце. Падумалася: каб ён піў пасьля сьцятай ад марозу Гарадзенскай пушчы віскі з крамкі duty free, а ня жлукціў сваё мад’ярскае, можа й не застудзіўся б гэтак фатальна? Разумею, разумею: Ягоная каралеўская Мосьць мог лічыць усякія моцна-пшанічна-ячменныя напоі барбарскімі, як калісьці грэкі — піва, якім бавіліся ў нас на поўначы.

Тэкст гэты мне хацелася напісаць менавіты ў гэтыя самыя ўгодкі. Не атрымалася. Я казаў сабе: яшчэ ня позна. Так, ня позна, бо ў гэты час ён яшчэ ляжаў тады ў лёхах, за яго яшчэ ня браліся тагачасныя хірургі “шырокага профілю”… Міжволі думалася: 421 год, якая адлегласьць у часе! Колькі адная цагліна — сантымэтраў сем-восем таўшчынёю? Ну вось: каб за кожны год па цагліне пакласьці — увышыню, атрымаецца ня толькі мур высозны, але нават вежа не абы-якая. Мне нецікава жыць у горадзе і ня думаць пра тых, хто яго будаваў, хто прыдбаў яму вядомасьці. А інакш навошта жыць —каб зьесьці лішні кавалак, каб выпіць на келіх больш або, калі пашэнціць, дык і поўную пляшку?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?