У англічан ёсць Lonsdale, у амерыканцаў — Everlast, у беларусаў жа свая ўжо амаль легендарная марка — нашыя байцы ў асноўным экіпіраваныя ў тое, што дзядзька Алег Радзюк робіць сваімі рукамі — гэта і пальчаткі, і шлемы, і лапы, і ўсё астатняе, неабходнае для трэніровак.

Акрамя гэтага ён вучыць боксу юнакоў і з’яўляецца паважаным заўзятарам мінскага футбольнага «Тарпеда». Дзядзька Алег поіць нас гарбатай і дае вялікае інтэрв’ю на беларускай мове.

Булат, БДУІР, не памрэш

«Наша Ніва»: Як я разумею, выраб экіпіроўкі — гэта Ваш асноўны занятак?

Алег Радзюк: Так, адзіны.

«НН»: Цяжка?

АР: Усё залежыць выключна ад цябе. Ты і фабрыка, і збыт, і рэклама, і менеджмент, і працоўная сіла. Ты павінен адказваць за ўсё. Але ў той жа момант ты вольны, таму мне гэта падабаецца.

«НН»: А які асноўны кантынгент кліентаў?

АР: У мяне бываюць усе: звычайныя хлопцы, спартоўцы, вайскоўцы, міліцыянты. Напрыклад, добра знаёмы з нашым чэмпіёнам Юрыем Булатам. Галоўнае, што ўсе людзі добрыя, бо ўсе, хто займаецца двубоямі, ведаюць, што гэта такое, і яны спакойныя адэкватныя людзі.

«НН»: Бачыў нават, як людзі здавалі на крапавы барэт у Вашай экіпіроўцы.

АР: Калі ты робіш добра нейкі прадукт, то людзі расказваюць адзін аднаму, звесткі разыходзяцца.

«НН»: Гэтым можна шмат зарабіць?

АР: Вы ж бачыце, як я жыву. Жонка, двое дзяцей. Жонка мне дапамагае ў працы — мы ўсё робім разам. Але іншым разам рука баліць так, што спаць не можаш. З голаду, канечне, не памрэш. Але калі б я так шмат зарабляў, дык сам не працаваў бы ўжо. Ды і не так лёгка ўсё гэта.

«НН»: А дзеці Вашыя дзе?

АР: Сын скончыў наш Радыётэхнічны ўніверсітэт, а зараз навучаецца на япаністыцы ў Варшаўскім універсітэце. А дачка вучылася ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, а цяпер таксама ў Варшаве — праходзіць навучанне ў Гандлёвай школе. Характары ў іх моцныя.

«Гарызонт», 40 сантыметраў, мітынгі

«НН»: Як Вам увогуле прыйшла ідэя рабіць прылады для двубояў?

АР: Пасля таго, як у СССР забаранілі каратэ і зачынылі для цывільных залу на стадыёне «Дынама», мы адправіліся займацца ў клуб «Гарызонта». Там быў такі добры дзядзька — Яўген Паўлавіч Крапіўны. Называлася ўсё гэта «рукапашны бой і АФП», але заняткі былі тыя ж, што і раней. І ў нас заўжды не хапала інвентару, бо ў саўдэпіі гэтым займалася толькі адна кіеўская фабрыка. Вось тады мы з яшчэ некалькімі хлопцамі пачалі спрабаваць вырабіць нешта сваё. Адразу было цяжка, а пасля неяк пайшло. Спачатку нас было пяцёра, але з часам людзі адыходзілі. І вось цяпер нас засталося толькі двое, але мы ўжо займаемся гэтай справай паасобку.

«НН»: А Вашыя першыя пальчаткі засталіся?

АР: Вось тыя самыя, са свіным воласам. Яны былі вельмі нязручныя, вельмі смешныя, вельмі небяспечныя. Усе, хто ў той час займаўся боксам, выдатна іх памятаюць. Імі вельмі нязручна было працаваць, бо гэты волас не выкладваўся раўнамерна, было цяжка дакладна накіроўваць руку. Гэта быў той самы 1981 год, калі мы пайшлі з «Дынама». Тады закупілі трохі гэтых пальчатак, але іх рэальна было вельмі мала. Нехта расказваў, як трэнеры іх рэзалі і шылі з іх сабе курткі, бо і апрануцца было цяжка.

«НН»: А калі Вы займацца двубоямі пачалі?

АР: О, яшчэ ў школе. Гэта была школа №55 за былым Чэрвеньскім рынкам. І там у нас быў такі хлопец з Камвольнага — Валік. Мы думалі, што ён такі страшны ніндзя. А ён быў зусім звычайным, проста начытаўся кніжак ці мо нават служыў дзе. Мы ў яго трэніравался, ён нам паказваў усяго пару ўдараў, але мы іх рабілі ўжо ад душы.

Чэрвеньскі, «Камунарка», Брус Лі

«НН»: Вы заспелі час падпольнага каратэ ў СССР. Як гэта выглядала ўвогуле?

АР: Выглядала гэта адначасова і смешна, і крута. Выходзілі ў залу, а там было настолькі ціха, што можна было чуць, як ляціць муха — усе слухалі трэнера, як сапраўднага гуру. Усе фанацелі ад фільмаў з Брусам Лі, а іх было яшчэ цяжка тады ўбачыць. Калі хтось здабываў ягоны здымак і вешаў сабе на сцяну, гэта было крута. І гэта ўсё, з другога боку, было добра, бо людзі цягнуліся да спорту. Не да спайсаў ці бутэлькі.

«НН»: А што Вас на заняткі натхніла? Стандартная гісторыя — нехта старэйшы даў тумакоў, Вы вырашылі адпомсціць і пайшлі трэніравацца?

АР: Ды гэта быў стыль жыцця. У нашым раёне ні дня без прыгодаў не атрымлівалася. І прайсці спакойна побач з кампаніяй, якая стаяла на тваім шляху, было немагчыма. І калі ты быў слабы і зацюканы, то што гэта за жыццё? Трэба было агрызацца, адбівацца, нешта рабіць. Усе хлопцы гэта адчулі і зрабілі пэўныя высновы ў сваім жыцці. І мне шкада, калі хтосьці зусім апусціў рукі.

«НН»: Вось баксёр Яноўскі расказваў, як аднойчы падчас аднаго з яго баёў разваліўся рынг. Самая вясёлая каляспартыўная гісторыя з Вашай практыкі?

АР: Аднойчы пабачылі ў душавой пацука, які пад столлю лазіў па трубах. Толя Ліс крычыць: «Пацук, пацук!» Я ўзяў такую доўгую мятлу з жосткімі прутамі і хацеў гэтага пацука зняць. Але выпадкова ткнуў у яго і трапіў яму прутом у вока. Ён, бедны, і памёр адразу.

Таксама вельмі цікавая гісторыя адбылася, калі я працаваў на «Камунарцы».

Мае сябры па трэніроўцы ўсё прасілі мяне арганізаваць ім экскурсію па фабрыцы, каб яны паглядзелі на сам працэс вырабу гэтых цукерак і шакаладак, і, зразумела ж, імі наеліся. Я спытаў у нашага кіраўніцтва, і нам дазволілі правесці экскурсію ў абмен на паказальны выступ перад супрацоўнікамі завода. Мы выступілі перу імі на дыскатэцы ў пятніцу — усё прыгожа, як трэба, дошкі паламалі, пабіліся. А ў наступны панядзелак хлопцы пайшлі на завод. Я з імі не хадзіў, бо займаўся сваёй працай, ды і так усё ведаў. Але цікавая рэч у тым, што на наступны дзень на трэніроўку амаль ніхто не прыйшоў. Толькі тыя, хто на экскурсію не хадзіў. Праз дзень таксама. Толькі праз два дні пачалі з’яўляцца людзі. Расказвалі, што спачатку іх завялі ў карамельны цэх — наеліся. Затым ў цукерачны — там таксама наеліся. І пад канец у шакаладны — хоць ужо не лезла, але ўсё роўна елі. Па выніку пару дзён было хлопцам вельмі дрэнна. Пасля недзе месяц ніхто з іх на салодкае глядзець не мог.

«НН»: Якім чынам цяпер сябе трымаеце ў форме?

АР: Кожнаму чалавеку патрэбна ў першую чаргу прыслухоўвацца да сябе. Не старацца глядзець, напрыклад, на суседа, які вялікі і дужы, і таксама ісці ў качалку.

Ці другі бегае марафоны — давай і я буду бегаць. Трэба зыходзіць са сваіх генетычных і ўсіх астатніх магчымасцяў. Таму я цяпер хаджу плаваць, баксірую і катаюся на ровары. Калі гэта ўсё чаргуецца, то вельмі добра. Бо лепей за плаванне, а таксама фізічныя практыкаванні на брусах, турніку на свежым паветры нічога няма. Няправільна, напрыклад, пастаянна цягаць жалеза і чакаць, што з года ў год здароўе будзе лепшаць. Урэшце надыходзіць момант, калі, напрыклад, зношваюцца суставы.

Ахова, Курапаты, «Тарпеда»

«НН»: Раскажыце пра «ліхія» 90-я. Для спартоўцаў гэта вельмі вясёлы час.

АР: Так-так. У той час усе мае знаёмыя аказаліся ў розных ахоўных фірмах ці нейкіх такіх утварэннях. Тады літаральна ўсім прапаноўвалі абарону ад усяго. І насамрэч, гэта такая перасцярога для спартоўцаў, што іх могуць выкарыстаць, і потым яны застануцца ні з чым і ім будзе вельмі дрэнна. Таму заўжды трэба некалькі разоў падумаць перад тым, як ісці нешта рабіць. Як мы бачылі нядаўна ва Украіне, калі выкарыстоўвалі цітушак у барацьбе з пратэстоўцамі. Атрымліваецца, за нейкія грошы чалавек прадаваў сваю Радзіму.

«НН»: Яшчэ што цікавіць: як у Вашым жыцці з’явілася «Тарпеда»? Вы ж не з Аўтазавода.

АР: Як кажуць нашыя сябры ірландцы: «У нашым свеце нават атэіст павінен вырашыць, хто ён — каталік ці пратэстант». Так і ў нас — ты павінен вырашыць, як увогуле жыць і што ад жыцця атрымліваць.

А ў 1989-м шмат што растлумачыў Пазняк, і я ад таго часу пачаў хадзіць у Курапаты. Ужо пазней я пабачыў, што ў «Тарпеда» быў на той момант адзіны беларускамоўны футбольны сайт, і таму стаў падтрымліваць гэтую каманду.

Я зрабіў свой выбар, канечне, пазнавата, але мне ніхто не скажа, што я стаў падтрымліваць тых, хто быў на першых ролях — БАТЭ ці «Дынама». У «Тарпеда» няма такіх магчымасцяў, там усё на сродкі людзей. І мне падабаецца, што хлопцы сумленныя, не карыстаюцца вялікім грашыма. Самае галоўнае, што ёсць у гэтым руху, — менавіта фанаты, а не гульцы ці яшчэ хто. Калі ў мяне выпадае нейкая магчымасць, я дапамагаю хлопцам.

«НН»: Якім чынам прыйшлі да ідэй нацыяналізму? Як да іх можна было прыйсці ў савецкі час?

АР: Ведаеце, усё перадавалася выключна ад чалавека да чалавека. Мне знаёмы расказаў, што ў Курапатах пабілі людзей. Я раззлаваўся — як гэта так? І на наступны год вырашыў пайсці з імі. Памятаю, ішлі праз Зялёны Луг, нас здымалі з міліцэйскага аўтамабіля. А потым мне ўжо бабуля з дзядулем пачалі расказваць тое, аб чым маўчалі раней: што прадзед памёр на Калыме, што ўсе былі сасланыя ў Казахстан і гэтак далей. Я вельмі здзівіўся іх маўчанню, але яны сказалі, што і на той момант баяліся гаварыць, не тое, што раней. Вось і цяпер так.

«НН»: Якое настаўленне можаце даць цяперашнім маладым хлопцам?

АР: У свеце ўсім кіруе сіла, нават не праўда.

Ты можаш старацца быць больш дужым і моцным, а можаш аказацца пад уплывам іншых, хто мацнейшы. Ёсць прымаўка:у маёй хаце — мая праўда і сіла. Дык вось у нашай хаце павінна быць наша праўда і сіла. Таму ўсе павінны быць моцнымі, а для гэтага трэба займацца — плаваннем, валейболам, чым заўгодна. У любым выпадку ў людзей павінен быць моцны стрыжань.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?