Грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» была абвешчана птушка 2015 года ў Беларусі – сава вушатая.

— Вушатыя совы не будуюць гнёздаў самастойна. Гэтыя птушкі займаюць гнёзды воранавых птушак, такіх, як грак, шэрая варона, сарока. Там, дзе няма прыдатных месцаў, вушатыя совы не гняздуюцца. Наш досвед паказвае, што менавіта гэтыя птушкі добра адгукаюцца на біятэхнічныя мерапрыемствы — займаюць штучныя гняздоўі, якія робіць і ўсталёўвае чалавек. У год вушатай савы АПБ будзе ладзіць шмат акцый па будоўлі такіх гняздоўяў. Запрашаем – навучым усіх ахвотных! – дзеліцца планамі спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы.

Што яшчэ будзе адбывацца ў год савы? Сумесна з Нацбанкам і Белпоштай плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. З практычнага – у кожнага ахвотнага будзе магчымасць паспрабаваць сваю моц у будоўлі штучных гняздоўяў для вушатай савы падчас летнікаў і майстар-класаў. На працягу года шукайце ў нашых сацсетках адмысловыя віктарыны пра саву.

Сябры клуба АПБ «Рэдкая птушка» патрапяць на сапраўдную савіную экскурсію. З прыродаахоўных мерапрыемстваў адбудзецца пошук месцаў гнездавання вушатай савы, вывешванне штучных гняздоўяў. Рыхтуецца шэраг інфармацыйных матэрыялаў, якія датычацца гэтай птушкі.

Самых маленькіх удзельнікаў кампаніі чакаюць конкурсы малюнкаў, фотаконкурс вырабаў з прыродных матэрыялаў, вершаў-чатырохрадкоўяў і іншыя цікавосткі. Палажэнні конкурсаў у хуткім часе з’явяцца на афіцыйным сайце АПБ.

— Кампанія «Птушка года» ладзіцца ў Беларусі штогод пачынаючы з 2000 г. Яна адметная тым, што мерапрыемствы праходзяць на працягу ўсяго года і дае магчымасць паўдзельнічаць у нашых акцыях вялікай колькасці чалавек самага рознага ўзросту, паспрабаваць сваю моц не толькі ў творчых конкурсах, але і ў прыродаахоўных мерапрыемствах. Таму сачыце за абвесткамі, кожны знойдзе што-небудзь цікавае для сябе, — распавядае супрацоўнік па развіцці АПБ Карына Салавей.

Кантактная асоба – Карына Салавей, супрацоўнік па развіцці АПБ

+37529 2648766, [email protected]

10 цікавых фактаў пра саву вушатую

1. Пазнавальныя «вушкі» з пер’я ў вушатай савы не маюць нічога агульнага з вушамі. Сапраўдныя вушы не проста ўбачыць, бо яны схаваныя пад пер’ем.

2. Вушатая сава – адна з 11-ці відаў соў, якія гняздуюцца ў Беларусі.

3. Па звестках кальцавання, самая старая вушатая сава пражыла 29 гадоў і 9 месяцаў!

4. Гэтая сава можа паварочваць галаву на 270 градусаў

5. Як і іншыя віды соў, вушатая сава не будуе гнязда. Арэндадаўцамі выступаюць шэрыя вароны, гракі і сарокі. Не так важная вышыня размяшчэння гнязда, як месца: гняздо павінна быць добра схавана ў густой кроне дрэва.

6. Вушатая сава з вялікай ахвотай засяляе штучныя гняздоўі.

7. У Беларусі вушатая сава зімуе. Цікава, што на месцах зімовак совы збіраюцца шматлікімі кампаніямі. Чароды па 8—12 соў – звычайная з’ява, але здараецца, што ў адным месцы збіраецца да 30 ці болей птушак, якія знаходзяцца ў дзённы час побач, нярэдка на адным дрэве.

8. Яна на дзіва нагадвае зменшаную копію пугача сваімі вострымі «вушкамі» з пер’я рознай даўжыні і яскрава-аранжавай афарбоўкай радужнай абалонкі вока.

9. Ворагаў у савы вушатай няшмат. Найбольшую небяспеку стварае пугач, не супраць пачаставацца жыхарамі савінага гнязда і куніца.

10. У лапы да вушатай савы трапляюць выключна мышападобныя грызуны, асабліва шэрыя палёўкі. Каб схапіць адну ахвяру, саве трэба зрабіць па 2-3 кідкі, а пры моцным ветры ці дажджы эфектыўнасць палявання зніжаецца ў 2-3 разы.

Даведка: нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 г. Галоўная мэта кампаніі – прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас, неабходнасці іх захавання.

У мінулыя гады птушкамі года абіраліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, зязюля.

Даведка АПБ

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» — найбуйнейшая недзяржаўная прыродаахоўная арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр найбуйнейшай міжнароднай сеткі прыродаахоўных арганізацый «BirdLifeInternational». АПБ — гэта больш за 3500 членаў і прыхільнікаў, каля 120 школьных клубаў і 14 аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе для захавання біяразнастайнасці і ўключэння насельніцтва ў прыродаахоўную дзейнасць. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайцеся і вы!

Кантакты арганізацыі:

г. Мінск, вул. Парніковaя 11, к.4

(+375 17) 263 06 13
(+375 29) 223 06 13
(+375 29) 101 68 87

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0