Журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну з Бярозы выклікаюць у міліцыю. Па словах праваахоўнікаў, 27 лістапада ёй будзе ўручана позва ў суд. Як паведамілі журналістцы супрацоўнікі міліцыі, позва звязана з яе меркаваным супрацоўніцтвам з «Беларускім Радыё Рацыя» - замежным СМІ, які не мае акрэдытацыі ў Беларусі.

– Мне патэлефанаваў намеснік начальніка аддзелу аховы грамадскага парадку нашай мясцовай міліцыі і сказаў, што я павінна сёння з’явіцца да іх па прычыне таго, што працую на «Беларускім Радыё Рацыя». Мне паведамілі, што хочуць уручыць позву ў суд. З-за таго, што сёння я мела іншыя планы, міліцыянты маюць намер уручыць мне позву ў суд у чацвер, – распавяла Тамара Шчапёткіна.

Сама журналістка лічыць, што яе тэлефон пільна праслухоўваецца супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. На яе думку, КДБ і арганізаваў пераслед. Апошнім часам журналістка заўважыла, што літаральна па яе слядах ходзяць людзі ў цывільным, якія запытваліся ў герояў яе журналісцкіх матэрыялаў пра тое, як яна прадстаўлялася і пра што пыталася ў суразмоўцаў у часе інтэрв’ю.

Па падліках ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», гэта ўжо трынаццатая падобная справа за год.

Цягам апошніх месяцаў супрацоўнікі міліцыя распачыналі адміністратыўныя працэсы па артыкуле 22.9 супраць журналістаў Алеся Дзянісава, Алеся Залеўскага (2 справы),Андрэя Мялешкі (3 справы), Аляксандра Буракова (2 справы), Міхаіла Аршынскага,Марыны Маўчанавай, Віталя Сямашкі і Аліны Літвінчук. Большасць журналістаў былі пакараныя вялікімі грашовымі штрафамі.

Нагадаем, што прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч яшчэ ў чэрвені г.г. выказала занепакоенасць з нагоды павелічэння колькасці штрафаў беларускім журналістам за працу без акрэдытацыі. Яна паінфармавала, што 5 чэрвеня напісала міністру замежных спраў Уладзіміру Макею ліст, падкрэсліўшы неабходнасць перагледзець патрабаванні акрэдытацыі журналістаў. Пачас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. яна таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці наогул адмяніць абавязковую акрэдытацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?