Аляксандра Лукашэнку засмучаюць паводзіны Расіі адносна абмежавання паставак беларускай прадукцыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 27 лістапада на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам, паведамляе яго прэс-служба.

«Мяне сёння паводзіны расійскіх улад не проста здзіўляюць, а засмучаюць. Калі ў бліжэйшы час не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаны будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!» — адзначыў беларускі лідар.

«І прытым, ведаеце, што крыўдзіць? Вось узнікнуць праблемы ў Казахстана, дапусцім, і Беларусі аднолькавыя — адзін званок, і ўсё добра з Казахстанам. У мяне ствараецца ўражанне, што на прыкладзе Беларусі чарговы раз, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а цяпер за прадуктовыя пытанні, хочуць паказаць камусьці або ўсяму свету, правучыць некага. Але мы ж не шчаняты, каб нас за шкірку вадзіць, выбачайце, за гэту грубасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заўважыў, што ў гэтай сітуацыі трэба сесці і дамовіцца.

«Гэта начыста адмятаецца з расійскага боку. Трэ' было ўчора Сямашку сустрэцца з Дварковічам, каб намеціць нейкія шляхі. Але ў нас ёсць закон, мытныя пагадненні, мы заўтра пачынаем работу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Якія могуць быць перашкоды ў пастаўках тавараў?!» — сказаў Лукашэнка. Ён нагадаў, што бакі дамовіліся, што павінна быць прамое бесперашкоднае перамяшчэнне тавараў, грузаў, рабочай сілы. «Мы фактычна адна краіна. Навошта вы гэта робіце?» - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Калі вы лічыце, што мы нешта парушылі, мы ж без усякіх скандалаў можам разабрацца ў гэтым», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўзяў гэтыя пытанні на кантроль. «Тры месяцы мы на гэта не рэагавалі — бачу, што пытанні не вырашаюцца, — адзначыў ён. — Не трэба нас прэсінгаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем. Але калі вы нас пачняце шчыміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду».

«І потым, я не разумею: вы што, спецыяльна гэта робіце, каб узняць цэны ў Расійскай Федэрацыі? Мы ж пастаўляем вам прадукцыю па самых нізкіх цэнах. Але дэфіцыт тавараў, асабліва мясной прадукцыі на рынках Расіі, — гэта ж рост цэн. Навошта вы гэта робіце? Мне наогул гэта не зразумела», — адзначыў ён.

«Прытым нам кажуць адкрыта, што мы перапрацоўваем сыравіну, купляем штосьці на Захадзе. Але мы дамовіліся з прэзідэнтам Расіі і з прэм'ерам, што гэта не ёсць парушэнне эмбарга, — прадоўжыў беларускі лідар.

— Што граху таіць, сёння, калі ў іх (на Захадзе) узніклі праблемы, асабліва ў суседзяў, яны гатовы па зніжаных цэнах гэту сыравіну аддаваць. І дзякуй. 100 млн заробіць Беларусь на працягу года — гэта што, грошы? І гэта што, дрэнна?»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусі трэба вяртаць крэдыты Расіі. «Пуцін кажа: вам ніхто не перашкаджае, перапрацоўвайце сыравіну, але прамога транзіту не павінна быць. Дайшлі да таго, што паставілі ў Манголію партыю тавару, а дзесьці ў Бураціі вярнулі тавар назад. Але гэта ж пастаўкі ў Манголію. Пастаўляюць у Казахстан. Расіяне: у нас насцярожанасць, што з Казахстана завязуць у Расію. Дык вы кантралюйце казахаў, каб яны не завезлі», — адзначыў ён.

«Я не разумею, што адбываецца, навошта гэта трэба? — прадоўжыў ён. — Мы тры месяцы моўчкі спрабавалі штосьці зрабіць. Руху ніякага няма. Мы ж рускія людзі і павінны дагаворвацца».

«Калі хтосьці з вашых хоча пагрэць рукі на сітуацыі, узняць цану, то гэта не наша пазіцыя. Мы народы павінны абараняць. Сёння расіянам нялёгка, цэны ўзнімаюцца кожны дзень, — адзначыў Лукашэнка. — У Новасібірску ўзнікла праблема з грэчкай. Ёсць у нас магчымасць — 120 т у Новасібірск імгненна адправім. Мы стараемся вырашаць вашы праблемы, а вы пачынаеце нас душыць. Нельга так рабіць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь стараецца дапамагчы збіць цану на тавары ў Расіі, прапануючы больш танную беларускую прадукцыю. Ён параіў расійскаму боку разабрацца «з розным жуллём, якое на гэтым жыруе, з гандлярамі і іншымі».

«Нам трэба ўстараняць усялякія бар'еры. Сяброў у нас у свеце вы ведаеце колькі. І вы ведаеце, якая пазіцыя ў іншых дзяржаў. Таму давайце не страчваць плячо адзін аднаго», - падкрэсліў беларускі лідар.

«Не трэба думаць, што Беларусь меншая, чым Расія, і яна ні на што не здольная. Мы вельмі нават многае можам.

І мы ніколі не кідалі Расію. Не кінем і ў гэтай сітуацыі.

Мы на гэтым сабе карысць шукаць не маем намеру. Гэта наша Расія, і мы яе будзем абараняць, як сваю тэрыторыю», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0