Што пра нас ведаюць Googleі Facebook, навошта ім тое ды як ад іх схавацца

Інтэрнэт-кампаніі ведаюць пра нас усё, ды не ведаюць нашага імя. А спецслужбы не ведаюць нічога, пакуль закон не дазволіць ім даведацца. Ці пакуль сумленне прымушае дзейнічаць у межах закона.

Нядаўняя навіна пра тое, што Facebook будзе прадаваць усю інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў апынулася фальшывай. Тым не меней, Facebook і ўсе іншыя сервісы багата ведаюць пра нас — і гэта прыносіць ім грошы.

Што ведаюць

 

Калі толькі з’явіўся «ЎКантакце», жартавалі пра «базу звестак ФСБ, якую самі юзеры напаўняюць» (з ФСБ у стваральніка ВК, дарэчы, не склалася).

Калі сцісла, інтэрнэт-кампаніі ведаюць пра нас болей, чым мы самі.

Практычна ўсё мы паведамляем самастойна — калі не наўпрост канкрэтнай кампаніі, то яго партнёрам.

Не толькі пол, узрост і месца жыхарства. З нашых спісаў сяброў, лайкаў у сацсетках, гісторыі пошуку і электроннай пошты можна вызначыць, чым мы цікавімся, якіх поглядаў прытрымліваемся, як часта мыемся.

Што нельга вызначыць дакладна — можна прыкладна «прыкінуць». Вы ў тым узросце, калі ў вашай краіне заводзяць дзяцей? Хутчэй за ўсё (імавернасць, канешне, N%) вы таксама хутка завядзеце дзяцей. Большасць вашых сяброў слухае Макса Каржа — пэўна, вы таксама. Нават па тым, якія словы вы выкарыстоўваеце ў перапісцы, можна шмат пра вас сказаць.

Не верыце? Вось ваш пол і ўзрост, вось дзе вы нядаўна былі. Другое спрацуе для тых, хто мае смартфон на Android, першае — практычна для ўсіх. І не, не толькі Google так за вас хвалюецца.

Навошта ім гэта ведаць

 

Грошы. Гэтую інфармацыю не прадаюць ФБР, ФСБ ці КДБ. Тыя самі возмуць, калі захочуць (аб гэтым ніжэй). Усё цікавей: гэтая інфармацыя трэба, каб слушна прасоўваць рэкламу, за якую плоцяць грошы.

Наўрад ці хатнюю гаспадыню з Вілейкі зацікавіць рэклама аўтамайстэрні на Кубе, як і кубінцу ўсё роўна, ёсць у Вілейцы добрыя курсы кітайскай мовы ці няма. А як даведацца, хто на Кубе, а хто ў Вілейцы? Вось і трэба ведаць прынамсі лакацыю. А лепей і пол з узростам.

Але інтэрнэт-рэклама пайшла і далей. Можна прадаць вам тое, аб чым вы і не здагадваліся. У вас «седзячая» праца, але заплываць тлушчамі вам ранавата? Гэй, ля вашага дома ёсць выдатная «трэнажорка»! Глядзіце фота Прагі ды Кракава, але далей за беларускія межы яшчэ не выяжджалі? Дык скатайцеся ва Львоў, недалёка жа, вось тур на выходныя!

У інтэрнэце рэклама мусіць быць такой, каб інтэрнаўт сам на яе клікнуў. 

Ёсць клік — рэклама спрацавала. Проста паказ рэкламы — таксама непагана, але толькі тады, калі паказваецца яна мэтавай аўдыторыі.

Хто ведае гэта ўсё

Перадусім: інтэрнэт-кампаніям усё роўна, як вас зваць. Ім важна ведаць пра тое, што вы патэнцыйны кліент «трэнажоркі» ці турфірмы, што возіць ва Львоў. Google не прайдзе да вас з ператрусам, калі вы часта гугліце «спайсы». Хіба прапануе лекаванне ад наркотыкаў, калі за такую рэкламу нехта заплаціў.

Вашае імя не цікавіць і таго, хто дае рэкламу лекавання ад наркотыкаў. Той проста прыкідвае, ці варта плаціць «Гуглу» столькі-та даляраў за рэкламу, калі патэнцыйная аўдыторыя рэкламы такая-та. Ён не ведае вашага імя, як і не ведае пра Львоў і «трэнажорку». Толькі ведае, што інфармацыя пра лекаванне дасягне тых, хто гугліць «спайсы».

Іншая справа — спецслужбы.

Законы абавязваюць інтэрнэт-кампаніі перадаваць інфармацыю па фігурантах крымінальных спраў. У той ці іншай ступені Google, Facebook, «УКантакце» ды TUT.BY супрацоўнічаюць з дзяржавай. Хочуць таго ці не, але закон такі.

І «Наша Ніва» таксама па законе абавязаная распавесці КДБ, з якога ІР-адраса вы напісалі камент «я вырабіў бомбу і пайду ўсіх заб’ю», калі КДБ спытае. Безумоўна, «НН» (як і ўсе вышэй згаданыя) паклапоціцца, каб запыт быў законым, а за каментам крылася рэальнае злачынства.

Ды што закон! Як паказаў Эдвард Сноўдэн, спецслужбы перавышаюць паўнамоцтвы і цікавяцца не толькі каментамі пра бомбы, але і бяскрыўднымі грамадзянамі. І цікавяцца як са згодны інтэрнэт-кампаній, так і без згоды.

У чым небяспека

Адносна нядаўна выйшла відэагульня Watch Dogs. У ёй жыхар Чыкага Эйдэн Пірс можа хадзіць па горадзе, наводзіць свой смартфон на любога чалавека і атрымліваць кароткую характарыстыку кшталту «Майкл Блэк, стаматолаг, 36 год, цікавіцца арбалетамі, на рахунку 102 тысячы даляраў». Герой гульні — добры хакер, які помсціць злым людзям, але і ён можа не адмовіцца ад спакусы сцягнуць з рахунка мінака пару тысяч даляраў. Націсканнем адной кнопкі, дарэчы.

 

Гульня, канешне, фантастычная, але тая фантастыка — навуковая. Тэарэтычна можа з’явіцца такі Эйдэн Пірс, які завалодае базамі звестак гуглоў-фэйсбукаў-кантактаў і насамрэч звяжа ідэнтыфікатар смартфона з усімі звесткамі пра яго ўладальніка. Але пакуль толькі тэарэтычна.

На практыцы хакерам звесткі пра вас трэба хіба на продаж.

Запусціў вірус у цыгарэту, а вірус — опанькі! — дайшоў да камп’ютэраа намесніка міністра абароны. Усё, краіна развітваецца з паняткам «абароназдольнасць». Не замміністра абароны, дык інжынер МАЗа. Нічога, мо і МАЗ распрацаваў нешта, што можна прадаць канкурэнтам.

Што да спецслужбаў, то ім безумоўна цікава, што пішуць злачынцы ды іншадумцы. Дзе там жыве аўтар камента пра бомбу? А, гэта той, які «ЎКантакце» падпісаны як «Майкл Блэк»? А вось і яго сябры — можна ў іх спытаць, у якім лесе ён хаваецца. Гэта ўсё ў межах закону.

Але спецслужбам прасцей не пісаць марудныя запыты.

 А нават не «рэкруціць» Эйдэнаў Пірсаў, а банальна ўзламваць паролі. Ёсць пароль ад пошты — ёсць і пароль ад «УКантакце», які да гэтай пошты прывязаны. Асабліва ім мусіць быць прыемна, калі ў Алены 1992 года нараджэння паролі паўсюль «Alena1992». Яшчэ весялей, калі «12345678». Калі нешта пацяжэй — проста падбор будзе долей.

Што з гэтым рабіць

Не карыстацца інтэрнэтам — не варыянт. Калі ў інтэрнэт уцеклі інтымныя фота знакамітых акторак (вясёлыя карцінкі тут), ім раілі не рабіць інтымныя фота. Але ж тое іх інтымная справа. Што ім трэба было параіць — дык гэта праверыць, ці не заліваюцца іх інтымныя фота куды за межы тэлефона, на які здымаліся.

Пэўна, большасць з іх і не ведала, што фота з іх «айфонаў» заліваюцца на серверы iCloud. І тым болей мала хто мог уявіць, што да звестак, якімі валодае Apple, можна лёгка дабрацца. Мы не ведаем, ці «дзіра» была ў Apple, ці ў Джэніфер Лоўрэнс быў пароль «Alena1992».

Факт — нават Apple не абараніў яе інтымныя фота.

Так што пачаць варта са складаных пароляў. Карысная штука — так званая двухфактарная аўтэнтыфікацыя, калі пры ўваходзе ў сацсетку з незвычайнага месца вас папросяць набраць код, што выслалі на ваш тэлефон SMS-кай. Хутчэй за ўсё, ваш тэлефон не ў зламысніка, а ў вашай кішэні.

Можна яшчэ і паадключаць усялякія «сачылкі». Памятаеце карту месцаў, дзе вы хадзілі? Зайдзіце на сваім Android у налады, там у «Лакацыю» ды забараніце «Гуглу» сачыць за вамі.

 

Агу, куды вы зніклі?

Цяпер вам наўрад ці пакажуць рэкламу «трэнажоркі» пад домам, але і зламыснік не даведаецца, па якіх завулках вы ходзіце цёмнымі вечарамі. Зноў жа, гэта актуальна не толькі для Google і Android.

Экстрымальны варыянт — Tor, VPN і ўсё такое. Падрабязна аб гэтым напісана, напрыклад, на «Хабрахабры». Гэта варыянт для хутчэй для тых, хто гандлюе спайсамі. Таму, хто не парушае закон і не дзейнічае супраць уладаў, такая ананімнасць не надта патрэбная. Хай лепей паказваецца рэклама лекавання ад наркотыкаў ці паездак ва Львоў.

Ды нават тыя хітрыя хованкі не ўратуюць гандляра спайсамі. Нават калі пароль далёка не «Alena1992», нават калі Tor, VPN і ўсе гэтыя вумныя словы. КДБ можа лёгка прыкінуцца пакупніком, дамовіцца аб сустрэчы — вось і канец спайсаваму бізнэсу.

Было б жаданне — любая ананімнасць у інтэрнэце выкрываецца. Не дапаможа ні «пірацкі браўзер», ні «чорны тэлефон». Застаецца толькі расслабіцца ды атрымліваць асалоду. Ды, вядома, не парушаць закон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?