Гжэгаж Худэк

23 снежня грамадзянін Польшчы ксёндз Гжэгаж Худэк вымушаны быў пакінуць Беларусь. На працягу 14 гадоў святар служыў у парафіі каталіцкага касцёла Рэчыцы (Гомельская вобласць) і, будучы яго настаяцелем, многае зрабіў для рэстаўрацыі старадаўняга будынка храма. Сёння рэчыцкія вернікі ўрачыста праводзілі ксяндза ў Польшчу.

Як паведамлялася раней, на пачатку лістапада мясцовыя ўлады без тлумачэння прычын адмовілі ксяндзу Худэку ў далейшай рэгістрацыі. Паводле неафіцыйнай версіі, прычынай гэтага сталі выказванні святара аб сацыяльных праблемах у Рэчыцы, апублікаваныя ў польскай газеце «Tygodnik wsсhodni».

З просьбай змяніць рашэнне ў дачыненні да Г.Худэка да старшыні Рэчыцкага райвыканкама звяртаўся апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтак. Апрача таго, прыкладна 700 вернікаў Гомельскай вобласці падпісаліся пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай падоўжыць рэгістрацыю для настаяцеля Рэчыцкага касцёла. Аднак з усіх дзяржструктур прыйшлі амаль аднатыпныя адказы — вырашэнне гэтага пытання знаходзіцца не ў іх кампетэнцыі.

Між іншым, як паведаміў БелаПАН дэкан Гомельскага дэканата ксёндз Славамір Ляскоўскі, пошук новага настаяцеля для рэчыцкага касцёла Святой Тройцы практычна завершаны. Хутчэй за ўсё, ім зноў будзе святар з Польшчы.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0