Усе праблемы, што тычацца паставак беларускага харчавання ў Расію і яго транзіту, Беларусь разлічвае зняць падпісаннем адпаведных дакументаў у Мінску 2 снежня. 

Як паведаміў 28 лістапада журналістам у палаце прадстаўнікоў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, 1 снежня ў Мінск прыедуць ветэрынарныя спецыялісты з Расіі, Міжнароднага эпізаатычнага бюро, Украіны, а таксама краін ЕС — Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі. 

Русы таксама паведаміў аб праведзеных у Маскве перамовах з віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам, кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам і міністрам сельскай гаспадаркі РФ Мікалаем Фёдаравым. Паводле яго слоў, падчас гэтых сустрэч было прынятае рашэнне «аператыўна стварыць тры групы спецыялістаў», якія распрацуюць шляхі вырашэння праблем з транзітам харчавання і праверкай якасці тавараў. «З тым, якую колькасць проб і ў якім аб'ёме неабходна прадпрыемства адбіраць і накіроўваць у нас у краіне, а таксама ў Расію, каб не ўзнікалі пытанні», — растлумачыў Русы. 

Нагадаем, у лістападзе Расія ўвяла забарону на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі буйных беларускіх прадпрыемстваў, растлумачыўшы гэта яе неадпаведнасцю нормам расійскага заканадаўства. 

Перамовы ў Маскве прайшлі 26 лістапада. Апрача прэтэнзій да якасці беларускай прадукцыі, расіяне заявілі пра сумніўнасць ветэрынарных сертыфікатаў, выдадзеных на прадукцыю, якая паступае на тэрыторыю РФ, а таксама выказалі занепакоенасць наконт фарміравання сыравіннай базы беларускімі перапрацоўчымі прадпрыемствамі. «Улічваючы гэтыя факты, застаецца адкрытым пытанне аб дастатковай эфектыўнасці працы беларускай дзяржаўнай сістэмы кантролю ў цэлым», — паведаміў паводле вынікаў перамоў Рассельгаснагляд. 

Расійскі бок прапанаваў правесці сумесную ацэнку дзейнасці беларускіх лабараторый і навуковых устаноў на прадмет кваліфікацыі спецыялістаў, аснашчанасці абсталяваннем і методык, што выкарыстоўваюцца. 

Беларуская дэлегацыя выказала згоду прыняць рабочую групу для ацэнкі сістэмы дзяржаўнага кантролю ў рэспубліцы, паведаміў Рассельгаснагляд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?