Судзьдзя Заводзкага раёну Менску Ірына Мардовіч, якая тры дні разглядала скаргу былой студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, адлічаную пасьля таго, як яе абралі ў кіраўніцтва эўрапейскай студэнцкай арганізацыі, сёньня адхіліла позву Тацяны Хомы супраць адміністрацыі БДЭУ. Больш таго, сёньня прадстаўнік БДЭУ заявіў, што яны здымаюць сваю прапанову Тацяне аб магчымасьці ўзнаўленьні вучобы на платнай форме, з наступнага году.

Прадстаўнік БДЭУ заявіў, што яны зрабілі гэты крок у сувязі з тым, што на асабістым сайце Тацяны Хомы нібыта зьявіліся інфармацыя, якая ганьбіць гонар іхнага ўнівэрсытэту.

Нагадаем, былая студэнтка 4 курсу факультэту міжнародных эканамічных дачыненьняў Тацяна Хома адстойвала сваё права вучыцца ў Беларусі, якога яна цяпер пазбаўленая. Актывістка студэнцкага руху спрабавала праз суд даказаць, што яе выключэньне з унівэрсытэту 24 лістапада 2005 году незаконнае.

Прадстаўнік унівэрсытэту на судзе Віктар Сьпіраў, лічыць, што Тацяна «груба парушыла правілы ўнутранага распарадку і выявіла адкрытую непавагу да БДЭУ як арганізацыі, якая нясе адказнасьць за бясьпеку студэнтаў у працэсе навучаньня».

Рэч у тым, што Тацяна Хома не паведаміла адміністрацыі пра сваю паездку ў Францыю, дзе была абраная ў Раду ESIB (Нацыянальныя зьвязы студэнтаў Эўропы). У той час у Францыі была складаная ўнутраная сытуацыя, падкрэсьлівае спадар Сьпіраў.

Нагадаем, што Тацяна Хома вучылася амаль выключна на выдатна. А ESIB (Нацыянальныя зьвязы студэнтаў Эўропы), у раду якой яе абралі, існуе ад 1982 году і аб’ядноўвае міжнародныя студэнцкія арганізацыі больш як трыццаці краінаў Эўропы.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0