На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Грэнландыі перамагла сацыял-дэмакратычная партыя Сіумут.

Сіумут набрала 34,3% галасоў, тады як яе галоўны супернік — партыя Інуіт атакатгііт атрымала 33,2% галасоў. Перавага склала 326 галасоў выбаршчыкаў.

Сацыял-ліберальнай Дэмакратаіт аддалі галасы 11,8% выбаршчыкаў, новай партыі Налерак, якая адкалолася ад Сіумут, - 11,6%, а ліберальнай Атасут — 6,5%.

У выніку ў Сіумут і Інуіт атакатігііт будзе па 11 дэпутатаў у 31-мясцовым грэнландскім парламенце, аднак перамовы аб кааліцыі будзе весці лідар партыі Сіумут Кім Кільсен.

Старшыня Сіумут — былы паліцэйскі. Ён з'яўляецца дэпутатам з 2005 года, некалькі разоў быў міністрам і ўзначаліў партыю пасля сыходу Алека Хаманда, абвінавачанага ў растраце дзяржаўных сродкаў. Галоўнай тэмай перадвыбарнай кампаніі Кільсена была барацьба з карупцыяй і кумаўством.

У Грэнландыі з насельніцтвам 56,3 тыс. чалавек налічваецца 40 423 зарэгістраваныя выбаршчыкі.

***

Грэнландыя — былая калонія, а цяпер — самакіраваная тэрыторыя ў складзе Дацкага каралеўства. Яна атрымлівае ад Капенгагена штогадовую дапамогу ў памеры 3,3 млрд крон (450 млн еўра) — больш за палову бюджэту тэрыторыі.

Па плошчы Грэнландыя прыкладна ў 50 разоў перавышае тэрыторыю Даніі, большая частка вострава ляжыць за Палярным колам і пакрыта лёдам. Насельніцтва налічвае прыкладна 57 тыс. чалавек, асноўную частку складаюць эскімосы (інуіты).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?