Ад усяго сэрца віншую вас са сьветлым сьвятам Нараджэньня Хрыстова!
Апостал Павал у Першым Пасланьні да Цімафея 3 гл. 16 ст. піша: «І сапраўды — вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе…»
Бог, Які зьяўляецца Творцам усяго бачнага і нябачнага, Які стварыў чалавека, раптам сам становіцца чалавекам. Богачалавекам. Навошта? «Калі ж дзеці сталіся супольнікамі крыві і цела, дык і Ён таксама супольнік іх, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, які мае ўладу сьмерці, гэта значыць д’ябла, і збавіць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі аддадзены пад уладу рабству» (Пасланьне да Гебраяў 2:14‑15).
Мы не выбіралі свой дзень нараджэньня, ад нас не залежаў факт нашага зьяўленьня на сьвет. Але Ісус Хрыстос ужо існаваў, падзяляючы славу Нябеснага Айца. І каб ажыццявіць адкупленьне чалавечага роду, Ён павінен быў стацца чалавекам. Уявіце сабе гэтую вялізную розьніцу паміж багаццем Нябёсаў і злыбедай зямлі; паміж знаходжаньнем у атмасферы абсалютнае любові і анёльскага паслухмянства і знаходжаннем сярод злых і беззаконных людзей; паміж чароўным ціхамірным нябесным супакоем і тужлівым чаканьнем пакутніцкай сьмерці. Хрыстос добраахвотна пакідае першае і выбірае другое. У гэтым і заключаецца глыбіня любові нашага Госпада, веліч выяўленай да нас Ягонай ласкі. Гэта незразумела нашаму розуму, тут сапраўды таямніца. Таямніца богаўцелаўленьня, таямніца Раства, таямніца зьяўленьні Дзіцяці ў Дзевы Марыі.
Каб прынесьці нам збаўленьне, Ён прыйшоў на грэшную зямлю. Ён нарадзіўся, каб дапамагчы табе, дарагі хрысьціянін, каб твае і мае праблемы ўзяць на Сябе, каб твае і мае грахі прыбіць да крыжа. Хіба гэта не падстава для радасьці?!
Са сьвятам вас, дарагія браты і сёстры!
З Нараджэньнем Госпада нашага Ісуса Хрыста!
З надыходзячым 2008 годам!
Божых дабраславеньняў вам і вашым сем’ям!
З пажаданьнямі ўсяго найлепшага і малітвай аб вас,