Дэлі не можа бясконца чакаць ад Расіі падпісання кантракта на поўнамаштабную распрацоўку і вытворчасць знішчальніка 5-га пакалення FGFA.

Пра гэта паведамляе The Times of India са спасылкай на крыніцу ў міністэрстве абароны Індыі.

FGFA мусіць быць індыйскай версіяй расійскага знішчальніка 5-га пакалення ПАК ФА, фінансаванне якой праводзіцца роўнымі часткамі з двух бакоў — па $5,5 мільярда.

Чакалася, што Індыя купіць 127 знішчальнікаў гэтага тыпу на суму $25 мільярдаў, пры гэтым паступленне першага прататыпа ў Індыю планавалася ў 2014 годзе. Але Расія не дала Індыі поўнага доступу да тэхнічнай дакументацыі машыны, таксама не паведамлялася пра перадачу прататыпа сёлета.

Першапачатковы кантракт быў падпісаны ў 2010 годзе, і індусы ўжо выдаткавалі на праект амаль $300 мільёнаў.

Падпісанне канчатковага кантракта з Індыяй было затрымана Расіяй на 2 гады, да таго ж планавалася, што толькі праз 94 месяцы паветраныя сілы Індыі пачнуць атрымліваць новыя знішчальнікі.

«Расіі паведамілі, что Індыя не можа чакаць FGFA 10 год. Расклады паставак мусяць быць скарочаныя… Расіяне, магчыма, адкажуць падчас візіта Пуціна», - сказала крыніца Times of India.

Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Расіі і яе самаізаляцыя ў выніку агрэсіі супраць Украіны заўважна аслабілі міжнародныя пазіцыі Масквы. З гэтым могуць быць звязаныя і агучаныя індыйскія прэтэнзіі, і больш хуткія, чым планавалася, пастаўкі найноўшых расійскіх узбраенняў Кітаю ў гэтым годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?