«Вось гэта з’елі – і на …% паразумнелі. Вось так рабілі – і сталі на …% хутчэй рашаць задачы. Гэта рабіць перасталі – і…» Такія артыкулы прыцягваюць увагу, мы абмяркоўваем даступныя нам і нашым дзецям шляхі «паразумнення». Здольнасць да навучання застаецца і, напэўна, застанецца найважнейшым крытэрам патэнцыйнай паспяховасці чалавека.

Вядомая парада «вучыся, пакуль мазгі маладыя» састарэла. Усё больш даследаванняў паказваюць, што і ў сталым узросце функцыі мозга можна развіваць, а сама актыўнасць мозга – найлепшая прафілактыка дэменцыі і хвароб кшталту Альцгеймера. Але адна справа, калі навукоўцы спасылаюцца на статыстычныя даследванні альбо інтэрпрэтуюць вынікі псіхатэстаў, а зусім іншая – калі ў выглядзе доказаў выступаюць выявы, здабытыя пры МРТ галаўнога мозга.

Доктар-неўролаг Сара Лазар з Гарварда ўзялася даказваць станоўчы ўплыў медытацыі на стан кары галаўнога мозга.

Усім добраахвотнікам зрабілі даследаванне двойчы, з інтэрвалам 8 тыдняў, на працягу якіх тэставая група практыкавала ёгу, дыхальную гімнастыку і медытацыю «Уважлівасць» (канцэнтрацыя на асобным органе і ўласным дыханні) пад кантролем інструктара і дадаткова самастойна дома.

У выніку змен на МРТ у кантрольнай групе не зафіксавана, а вось у тых, хто займаўся, адбылося ўшчыльненне шэрага рэчыва мозга ў вобласцях, адказных за канцэнтрацыю, памяць і здольнасць да навучання, кантроль эмоцый, суперажыванне і нават каардынацыю (гіпакамп, паясная звіліна, мазжачок). Клеткі гэтых абласцей адаптаваліся да падвышанай стымуляцыі падчас медытатыўных практык.

Такім чынам, тэзіс «што трэніруецца, тое і развіваецца» спраўджваецца не толькі ў дачыненні цягліц і функцыянальных сістэм арганізма (сэрца, лёгкія), але і ў дачыненні да мозга. Па назіраннях іншых даследчыкаў, канцэнтрацыя ўвагі на асобным органе выклікае «падвышэнне ўвагі» з боку некантраляваных чалавекам вегетатыўных працэсаў: паляпшэнне капілярнага краватоку і нервовай трофікі, і, як следства – аздараўленне органа і арганізма ў цэлым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?