З 1 студзеня 2015 года літоўскі літ знікне як нацыянальная валюта. Літва стане 19-ым удзельнікам зоны еўра.

Папярэднія 12 гадоў курс літа ў адносінах да еўра быў нязменным, застаецца ён такім самым і апошнія тыдні абароту нацыянальнай валюты. Для літоўцаў перайсці на новыя грошы па рэальным курсе – не праблема.

А вось што рабіць беларусам, у якіх на руках засталіся літоўскія грошы?

Афіцыйны курс Нацбанка на заўтра – 3894 рублі за літ, аднак разлічваць на такія лічбы не варта.

«Тэхнабанк» прымае літы па 3400 рублёў, «БелСвісбанк» – па 3195 рублёў. Але гэта хутчэй выключэнні з правілаў.

Некаторыя беларускія банкі ўжо адмовіліся ад працы з літам, большасць іншых увялі звышнявыгадныя курсы.

Напрыклад, у «МТБанку» тым, хто здае літоўскія грошы, прапануюць усяго 1500 рублёў за літ. Зрэшты, і купіць літы можна танна – па 3500 рублёў, але ў продажы яны з’яўляюцца вельмі рэдка.

«БПС-Ашчадбанк» выставіў яшчэ горшы курс куплі – усяго 1000 рублёў. А вось прадаюць літы па-ранейшаму па 4000 рублёў.

Па 500 рублёў гатовы плаціць за літы «Беларускі народны банк», а вось рэкардсменам стаў банк «БелВЭБ», які працуе бадай з самай вялікай колькасцю экзатычных валют. Выміраючы літ тут гатовыя купіць толькі за… 100 рублёў. Гэта амаль у 40 танней за намінал!

Здаваць літы па такім курсе няма патрэбы – нават пасля 1 студзеня 2015 года старымі грашыма можна будзе расплаціцца ў любой літоўскай краме. Гэты перыяд працягнецца два тыдні, але як мінімум яшчэ паўгода літы будуць прымаць мясцовыя банкі. Некаторыя з іх, напрыклад, Lietuvos bankas, працягнуць абмен да канца наступнага года.

Тыя, хто папросіць знаёмых альбо сам апынецца ў Літве ў гэты час, усё яшчэ змогуць атрымаць еўра ўзамен на літы па курсе 1:3,45. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?