02.12.2014 / 19:55

Асуджаны на смяротную кару Эдуард Лыкаў напісаў прашэнне аб памілаванні

 Прыгавораны Мінскім абласным судом да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу — Эдуард Лыкаў напісаў прашэнне аб памілаванні, паведамілі ў Вярхоўным судзе. 

11 лістапада стала вядома, што выкананы смяротны прыгавор у дачыненні да Аляксандра Грунова, асуджанага за жорсткае забойства студэнткі ў Гомелі. Праваабаронцы выказвалі меркаванне, што ў той жа час маглі расстраляць і Эдуарда Лыкава, таксама асуджанага да смяротнай кары ў 2013 годзе. 

«Ад былога начальніка СІЗА № 1 Мінска Алега Алкаева вядома, што звычайна ў адзін дзень расстрэльваюць па некалькі чалавек, таму ўзніклі падазрэнні, што прысуд у дачыненні да Лыкава таксама выкананы», — сказаў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнай кары ў Беларусі» Андрэй Палуда. 

БелаПАН накіраваў запыт у Вярхоўны суд. У адказе гаворыцца, што

асуджаны Лыкаў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з хадайніцтвам аб памілаванні. «Выкананне прысуду ў дачыненні да асобы, асуджанай да смяротнай кары, прыпыняецца да разгляду хадайніцтва аб памілаванні»,

— гаворыцца ў дакуменце за подпісам намесніка старшыні ВС Валерыя Калінковіча. 

Адвакат Аляксандр Клюкач адмовіўся паведаміць, у якім стане знаходзіцца яго падабаронны і калі ён падаў прашэнне аб памілаванні. 

Праваабаронцы адзначаюць, што прамога доступу да інфармацыі па справе Лыкава ў іх няма.

«Аднак мы прасочваем сітуацыю праз пацярпелага Міхаіла Гладкага, — сказаў Палуда. — Ён быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі за забойства роднага брата, хаця на самой справе быў невінаваты — брата і маці забіў Эдуард Лыкаў.

Зараз Міхаіл спрабуе дамагчыся кампенсацыі за незаконнае пазбаўленне волі, але ў Мінскім раённым судзе адказваюць, што пакуль справа Лыкава знаходзіцца на разглядзе, як мы разумеем — у камісіі па памілаванні, скаргу Гладкага разглядаць не будуць». 

Нагадаем, 25 лістапада 2013 года судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда прыгаварыла Лыкава на падставе пп. 2, 6, 8, 10, 16 ч. 2 арт. 139 КК да выключнай меры пакарання — расстрэлу. 

Згодна з матэрыяламі следства, першыя два забойствы Лыкаў учыніў у 2002 годзе — пасля застолля разгарэўся канфлікт, у выніку якога ён забіў былога сукамерніка і яго маці. За гэтае злачынства пакаранне ў турме адбываў невінаваты Міхаіл Гладкі. Трэцяе забойства Лыкаў учыніў у 2004 годзе — забіў палюбоўніка сужыцелькі, меркаваны матыў — рэўнасць. У 2011 годзе, паводле версіі следства, Лыкаў забіў і саму сужыцельку, за тое, што яна хацела выгнаць яго з дому. Злачынцу затрымалі ў верасні 2011 года. Напярэдадні ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам быў забіты 74-гадовы пенсіянер. Згодна з матэрыяламі справы, паміж забітым і абвінавачаным узнікла сварка, завязалася бойка, падчас якой Лыкаў нанёс знаёмаму некалькі ўдараў металічнай трубой. 

Такім чынам, паміж першым забойствам і затрыманнем Лыкава прайшло дзевяць гадоў. 

Псіхіятрычная экспертыза паказала, што ў Лыкава павышана агрэсіўны характар, але ён пры свядомасці, здольны кантраляваць свае ўчынкі. Усе злачынствы ён учыніў у стане алкагольнага ап'янення. 

15 красавіка 2014 года пастановай судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда прыгавор Мінскага абласнога суда ў дачыненні да Лыкава быў пакінуты без зменаў. 

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, асуджаны не звяртаўся са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека.