Берасцеец Гарык Вепшкоўскі зняў кароткаметражнае кіно за сярэднестатыстычную зарплату беларуса — 500 даляраў.

Драма «Падарунак» — выклік тым, хто лічыць, што поспех кіно прапарцыйны яго бюджэту.

У стужцы зняліся прафесійныя акцёры, вядомыя гледачу сваёй працай у тэатральных пастаноўках і вялікім кіно. Іх праца ў «падарунак» аказалася для рэжысёра падарункам — акцёры працавалі выключна за ідэю. Музыку да фільма кампазітар таксама напісаў абсалютна задарма. Праца гукарэжысёра і грымёра таксама не запатрабавала фінансавых выдаткаў — Гарыку ўдалося сабраць каманду энтузіястаў.

У аснове фільма ляжыць прыпавесць, аўтарства якой устанавіць не ўдалося. Сцэнар напісаў сам Вепшкоўскі, у якасці аператара выступіў ён жа (Гарык займаецца відэаздымкай), мантаваў фільм таксама сам.

500 даляраў, выдаткаваныя на здымкі, пайшлі на арэнду святла, гуку і яшчэ некаторага здымачнага абсталявання. «Паколькі я займаюся відэаздымкай, невялікая аматарская камера ў мяне ёсць. У мяне былі пэўныя патрабаванні да малюнка, таму і браў напракат сёе-тое абсталяванне», — расказвае ён. 

«Падарунак» — гэта гісторыя звычайнай сям'і, якіх шмат. У сям'і герояў некалькі гадоў таму загінула мама, і на выхаванні бацькі засталося двое падлеткаў: сын і дачка. Кожны свой дзень нараджэння сын пытаўся ў таты, што той яму падорыць на 18-годдзе. Бацька кожны раз адказваў жартам: «Давай дажывём да 18-ці, потым пагаворым»…

Зрэшты, не будзем пераказваць сюжэт, паглядзіце фільм самі, не пашкадуеце.

Гэта шчымлівая гісторыя пра сапраўднага Тату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0