Апошні раз я быў на Нарачы дзевяць гадоў таму.

Тады з нябёс угравала возера спякотнае ліпеньскае сонейка, уздоўж берага, да якога лашчылася млявая хваля, сноўдаўся туды-сюды стракаты натоўп адпачывальнікаў… Я не вытрымаў назіраць бессэнсоўную курортную мітусню і пайшоў да знаёмай з дзяцінства крыніцы: мо пашчасціць папіць. Дзе там! Забраная ў бетонныя кольцы, яна ці жывая была пад іржавым замком. «Каб не паганілі, — ідучы па сцежцы міма, патлумачыла мясцовая кабета ў белай хустцы, — а так трошкі ціўкае…»

Нам здаецца, падумалася над той зачыненай крынічкай, што створанае Богам даўжэйшае за чалавечае жыццё. Але чаму майго жыцця, нават незавершанага, хапіла на тое, каб зніклі Купа з Мацеевай хатай і Кабыльнікі з іх нядзельнымі кірмашамі, нават з назвамі зніклі; каб перасохлі крынічкі па берагах, зацягнуліся граззю чысцюткія струмені, а ў замутнёных сёння нарачанскіх водах пасяліласянейкая брыдота?!

Тыдзень таму, калі над возерам ужо панавала золкая перадзімовая імжа, я да той крынічкі не пайшоў.

Мо і ўвогуле не трэ' было зварочваць у былую Купу, а зараз «к.п. Нарач», каб не здзеквацца з найшчаслівейшага ў жыцці шчасця — дзяцінства на Нарачы. І праўда, ці не здзек гэта — літаральна на тым месцы, дзе стаяла Мацеева хата, бачыць уціснутае ў зямлю кафэ пад назвай «Купа», і балюча сціскаць сэрца дрыготкімі, нібыта праз цьмянае шкло часу, успамінамі?!

Тых успамінаў хопіць яшчэ не на адну калонку. Ды што калонку! Да заканчэння жыцця. Але гэтым разам пазбегну падрабязнасцей. Акрамя як у каментарах да здымкаў. Каб хаця б трошкі ўявіць маштаб катастрофы.

Гэты шчыт з аб’явай пастаўлены якраз на тым месцы, дзе «паркаваўся» цяжкі Мацееў човен.

…Над возерам толькі чайкі. Ні качак, ні лебедзяў — ім ежы няма.

Бацька кліча мяне разам ссоўваць човен у ваду, я ўваходжу ў яе і нечакана правальваюся ў ледзяную ямку, адкуль нейкая таямнічая падземная сіла бурліць фантанчыкамі пяску. Потым яшчэ, яшчэ… «Крынічкі», — тлумачыць бацька, нахіляецца, зачэрпвае ваду драўляным каўшом, што ляжыць на дне чоўна, і прагна п'е, нібыта ўсё жыццё пакутаваў ад смагі. Потым працягвае коўш мне…

Вось той бераг і тая вада сёння…

Гэтым вязам абапал дарогі, што паварочвала ад берага ў вёску, мо гадоў сто.

Бо і шэсцьдзесят гадоў таму іх вышыні было дастаткова, каб, узабраўшыся, выразна ўбачыць супрацьлеглую касу, а ў цемры – святло ад фараў рэдкіх машын, што нячутна едуць па брукаванцы праз Чараўкі…

Ці ж адчуе сённяшні хлопчык праз тыя «сафары» і «баггі» празрыстую бяздонную прыгажосць нарачанскай вады і неба?

«У возера нясуць свае воды 17 ручаёў…» — так апісвае Нарач інфармацыйны партал www.myadel.info 

Вось той «ручай», што калісьці струменіўся праз купаўскую ваколіцу, дзе ў зарослай лазняком лагчыне дыхала балота, у каторым я ледзь не патапіў Мацеевага каня. Конь, дзякуй яму, неяк з багны вылузаўся. А вось ручай задыхнуўся ад меліярацыі, то бок «паляпшэння зямлі»… А якія краснапёркі лавіліся менавіта тут! Прастаіш вечар па пояс у вадзе — поўная авоська на патэльню…

Куды ён цячэ зараз? У якую багну Часу?

…Колькі гадоў таму на адным з журналісцкіх семінараў галоўны рэдактар, на жаль, забыўся на прозвішча, якойсьці з абласных «праўд» праліў слязу па Байкале — маўляў, гіне такі цуд. Я нагадаў пра Нарач. «А што Нарач?! — ускінуўся калега. —Мусіць, даўно не былі. Там такі курорт пабудавалі! Усё для людзей, для народа!»

Чаму ж народ, спытаў я тады, не здагадаўся захаваць дадзены Богам цуд, зачыніць, як тую крынічку, на замок?

А сёння пытаюся сам у сябе: ці ж толькі экалагічная здарылася з намі катастрофа?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?