Грамадзяне Расіі масава засяляюць дамы вакол плошчы Перамогі ў Мінску
Новыя дамы па вуліцы Румянцава ў Мінску схаваныя ад вока мінакоў. Мала хто здагадваецца, што за 100 метраў ад плошчы Перамогі пабудаваная элітная нерухомасць. Прычым прычына няведання простая — кватэры ў дамах нідзе не рэкламаваліся. Яны так і не трапілі ў свабодны продаж.
Хто будаваў дамы? Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэта малавядомы інвестар «Влатэ Холдынг». Кампанія зарэгістраваная ў кантоне Цуг у Швейцарыі і займаецца продажамі медыцынскай тэхнікі і абсталявання. Зямля пад будаўніцтва не выстаўлялася на адкрыты аўкцыён.
Яшчэ ў 2006 годзе кампанія пабудавала першы дом, па адрасе Румянцава, 7. У шасціпавярховіку было спраектавана ўсяго дзесяць кватэр. Гаспадары атрымалі яшчэ па некалькі месцаў у падземным паркінгу.
Камерцыйны поспех будаўніцтва швейцарцы вырашылі замацаваць летась, калі змаглі ўзвесці яшчэ два дамы па суседстве.
Рыэлтары сцвярджаюць, што замежнікі рэдка купляюць кватэры ў Беларусі. Калі ўгоды і афармляюцца, то нерухомасць рэгіструюць на мясцовых жыхароў. Сітуацыя з домам па Румянцава, 3 іншая. Траціна гаспадароў у элітным доме — грамадзяне Расіі. Вядомых асобаў сярод іх нямнога, бадай, толькі рэжысёр Дзмітрый Астрахан.
Ён здымае большасць сваіх фільмаў у Беларусі.
Сярод уласнікаў жылля няма ні чыноўнікаў, ні вядомых у Беларусі бізнэсменаў. Кватэры былі размеркаваныя паміж замкнёным колам людзей.
Больш за палову кватэр зарэгістравана на жанчын. Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых элітных дамах Мінска.
Адзіная аб’ява аб продажы кватэры ў доме на Румянцава прапануе квадратны метр па $6700 — гэта амаль у чатыры разы даражэй, чым у сярэднім па горадзе.
Каментары