25 лістапада ў Гомельскім абласным судзе пачалося закрытае пасяджэнне, на якім разглядаюць крымінальную справу яшчэ аднаго ўдзельніка банды Марозава.

Андрэю Шыльцу (у крымінальных колах вядомы па мянушцы Дрон) выстаўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў васьмі забойствах яшчэ па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса БССР — рэдакцыі 1960 года. Менавіта гэты кодэкс дзейнічаў у Беларусі ў 1990-х, калі Гомельшчыну трымалі ў страху «марозаўцы». Тады ж, у 1995 і 1996 гадах, і былі здзейснены забойствы, непасрэдны удзел у якіх, як мяркуе следства, прымаў і Андрэй Дрон. Па Крымінальным кодэксе ў сучаснай рэдакцыі Шыльца абвінавацілі яшчэ і ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы, незаконным набыцці, захоўванні і нашэнні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў у складзе арганізаванай групы.

Тэрмін даўніны па забойствах, якія былі здзейснены 20 гадоў таму, не мінуў, бо гэта асабліва цяжкія злачынствы. Сярод забітых былі як крымінальныя аўтарытэты, так і выпадковыя людзі, якія апынуліся «не ў тым месцы не ў той час».

Дрону за ўдзел у забойствах пагражае смяротнае пакаранне. Ён, як і шэраг яго сябрукоў-«марозаўцаў», быў затрыманы на тэрыторыі Расіі. Менавіта ў «саюзнай дзяржаве» хаваліся ад 1990-х, дый цяпер жывуць удзельнікі бандыцкіх арганізацый «марозаўцаў» і «пажарнікаў».

Злачынная групоўка пад кіраўніцтвам Сяргея Марозава дзейнічала ў Гомельскай вобласці з канца 1980-х па 2004 год. На рахунку групоўкі каля 100 злачынстваў, у тым ліку 15 забойстваў, рэкет, вымагальніцтва, згвалтаванні, рабаўніцтва.

Вярхушка банды — Сяргей Марозаў, Валерый Гарбаты і Ігар Данчанка — была асуджана да расстрэлу. Усяго па справе «марозаўцаў» да розных тэрмінаў пазбаўлення волі былі асуджаны 46 чалавек. А некаторых так і не знайшлі.

Дарэчы, у гомельскіх судах разглядаюцца новыя справы былых удзельнікаў крымінальных груповак 1990-х, якія ўжо адбылі тэрмін, вярнуліся дахаты і зноў узяліся за ранейшае. Восенню 2014 зноў заявілі аб сабе былыя «пажарнікі» («НН» пісала пра гэтыя справы).

«Марозаўцы» і «пажарнікі» варагавалі паміж сабой. Па адной крымінальнай справе, якая разглядалася ў судзе ў пачатку «нулявых», «пажарнікі» праходзілі як пацярпелыя, «марозаўцы» — як абвінавачаныя. Апошнія, каб мець бясспрэчнае лідарства ў злачынным свеце Гомеля, вывозілі канкурэнтаў у лес, катавалі. Не спыняліся нават і перад забойствамі. Імі быў забіты Віктар Асіпенка (па мянушцы Кабан) разам з сынам і кіроўцам аўтамабіля.

* * *

Андрэй Шылец (Дрон) нарадзіўся ў 1973 у Гомелі. У банду ён трапіў зусім маладым. Калі пачаліся арышты «марозаўцаў», ён здолеў знікнуць. Як меркаваў, без знаку. У 2007 яго абвесцілі ў вышук праз Інтэрпал. Шукалі доўга. Летась выявілі ў Свярдлоўскай вобласці Расіі, дзе ён жыў па падробленых дакументах. Абзавёўся сям’ёй. Нібыта пачаў новае жыццё. Ён стараўся ўсяляк адцягнуць выдачу ў Беларусь, шукаў любую зачэпку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?