Піша Ніна Стужынская.

Адным з паваротных момантаў Слуцкага паўстання была здрада Паўла Чайкі, камандзіра Слуцкага палка. У гэтай гісторыі дагэтуль шмат загадак. Прыадкрываюць праўду матэрыялы крымінальнай справы Чайкі з архіва КДБ.

Першы камандзір Слуцкага палка, чалавек, якому было даручана фармаванне гэтай баявой адзінкі, — і здрадзіў! Чаму такое адбылося? Наколькі справядлівыя гістарычныя ацэнкі гэтага ўчынку? Простая канстатацыя факта не задавальняе. Трэба аб’ектыўна прааналізаваць гэты выпадак у сувязі з падзеямі і абставінамі.

Пачнём гісторыю з трагічнага фіналу жыцця Паўла Чайкі. Ён быў расстраляны ў студзені 1921 года бальшавікамі — тымі, на чыю карысць нібыта здрадзіў. «Тройка» — судовы орган ва ўмовах вайсковага становішча — пад кіраўніцтвам Ольскага засядала па яго справе 7 студзеня і звінаваціла Чайку ў «здрадзе савецкай уладзе і арганізацыі белагвардзейскага палка».

Паўстанцкага камандзіра асудзілі на смерць.

Рапарт на імя начальніка Асобага аддзела 16-й арміі сведчыць, што «згодна з прадпісаннем Вашым і пастановай тройкі Асобаддзела пра расстрэл Чайкі паўла Пятровіча, 31 года, за злачынствы супраць савецкай улады апошні прыведзены ў выкананне 9 студзеня а 3 гадзіне ночы».

Абавязкі выконваў добраахвотна і свядома

Вось як нечакана павярнуўся лёс. Здрадзіў нібыта адным, а расстралялі іншыя. Але расстралялі за тое самае — за здраду. Справа «па абвінавачванні Чайкі Паўла Пятровіча ў службе ў арміі Слуцкай Беларускай Рады» (такую назву мае дакумент, які захоўваецца ў архіве КДБ) змясцілася ўсяго на 18 аркушах. Час быў ваенны, следчыя ЧК шмат не пісалі. Але ж сёе-тое з жыцця Паўла Чайкі можна ўведаць; дарэчы, большая частка дакументаў напісана ім уласнаручна.

Фота Паўла Чайкі не захавалася нават у яго следчай справе.

Нарадзіўся ён 21 чэрвеня 1889 года ў вёсцы Лютовічы Вызнянскай воласці Слуцкага павета. Сялянская сям’я з 6 чалавек мела ўсяго 12 дзесяцін зямлі. Тры з іх выдзелілі Паўлу, калі ён ажаніўся. Але для гаспадаркі гэта было зусім мала, і сям’я ў пошуках лепшай долі выправілася на Далёкі Усход. Там, ва Уладзівастоку, у 1909 годзе Павел здаў экзамены за 6 класаў гімназіі. Праз тры гады скончыў Іркуцкую вайсковую вучэльню, служыў у Херсоне і Варонежы. Потым грымнула Першая сусветная. Чайка быў афіцэрам сувязі. За баявыя заслугі меў ордэны 4-й і 3-й ступені Святой Ганны, 3-й ступені Станіслава і 4-й — Уладзіміра. Сялянскі сын даслужыўся да чына штабс-капітана. У часе Лютаўскай рэвалюцыі на фронце быў абраны сябрам салдацкага камітэта корпуса. Калі ж старая расійская армія развалілася, Чайка вярнуўся дамоў, у Лютовічы, маючы пэўны багаж палітычных поглядаў.

Чайка сам сведчыў, што належаў да партыі эсэраў, але пры канцы 1918 года выйшаў з яе шэрагаў, аб чым паведаміў праз газету «Бядняк». Гэты крок можна зразумець: у той час ён сімпатызаваў бальшавікам і нават служыў памочнікам Слуцкага вайсковага камісара.

Тым не менш, з прыходам палякаў Чайка ў Чырвонай арміі не застаўся. Як і бальшыня случчакоў, ён дэзерціраваў. Следчаму ў 1921-м свае паводзіны тлумачыў працяглай хваробай на тыф. Але на нечаканую хваробу спасылаліся амаль усе, хто не хацеў адступаць з Чырвонай арміяй.

19 лістапада 1920 года Павел Чайка быў мабілізаваны паўстанцкай Слуцкай Радай. І да 27 лістапада займаўся па яе даручэнні фармаваннем палка.

Пасля ў Асобаддзеле ЧК Чайка сцвярджаў, што да паўстанцаў пайшоў не добраахвотна, а пад пагрозай: маўляў, была небяспека трапіць у польскі лагер для ваеннапалонных. А там людзі проста паміралі з голаду. Ці быў Чайка шчырым, калі гаварыў следчаму пра прымус? Хутчэй за ўсё, ён проста шукаў спосаб змякчыць «віну».

Адразу пасля Слуцкага з’езда, на якім было прынятае рашэнне пра паўстанне, Чайка, разам з Жаўрыдам і Анцыповічам, увайшоў у склад вайсковай тройкі. Яна мусіла ў сціслыя тэрміны стварыць войска. Ці можна быць ініцыятарам і арганізатарам пад прымусам? Чэкісты і не паверылі…

Са справы вынікае, што ўсе абавязкі афіцэра Слуцкай Брыгады Павел Чайка выконваў добраахвотна і свядома. Намаганнямі Слуцкай Рады, арганізатараў войска і яго асабістымі сфармаваўся Слуцкі полк. Справа ладзілася.

Балахоўцы супраць эсэраў

Але ў Слуцкай Радзе не было адзінства. Там змагаліся дзве плыні — балахоўцы, якія схіляліся да шчыльнай супрацы з палякамі, і эсэры-незалежнікі. Іх непрымірымая канфрантацыя адмоўна адбілася і на выніках паўстання, і на лёсе асобных людзей.

Гэтая падвоенасць у кіраўніцтве паўстаннем, нават у штабе Брыгады, дзе бальшыню складалі афіцэры-балахоўцы, дэзарыентавала людзей, сеяла разгубленасць, выбівала грунт з-пад ног. Кожная з груповак прэтэндавала на вяршэнства. І балахоўцы, і эсэры шукалі выпадку высветліць адносіны і скончыць з хісткім двоеўладдзем.

Такім выпадкам стала справа Чайкі. Першы ход у ёй зрабілі балахоўцы. Начальнік контрвыведкі паручнік А.Мірановіч затрымаў ліст камандзіра палка Паўла Чайкі да былога калегі і сябра, ваенкама Вызнянскай воласці Кастуся Кецкі — эсэра, дарэчы. На жаль, галоўны дакумент, ліст Чайкі, які б пацвердзіў яго віну ці зняў яе, не знойдзены. Наконт зместу ліста існуе некалькі версій.

Сам Чайка на допыце сведчыў, што хацеў у лісце папярэдзіць Кецку пра велізарную колькасць дэзерціраў з Бабруйскага і Слуцкага паветаў, якія цэлымі натоўпамі беглі ад чырвоных у паўстанцкую Брыгаду. Галоўнымі прычынамі дэзерцірства Чайка лічыў пагрозы арыштаў і расстрэлаў, якіх не шкадавалі чырвоныя камандзіры. І ў лісце раіў былому сябру не пужаць людзей і не правакаваць такім чынам шматлікія ахвяры. У тое, што паўстанцы перамогуць, Чайка, баявы афіцэр-франтавік, не верыў. Ён быў незадаволены станам спраў у паўстанцкім штабе і палітычнымі гульнямі кіраўнікоў, прасіў у сябра парады і дапамогі.

Здраджаны сваімі

Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, Уладзімір Пракулевіч, быў сведкам арышту Чайкі і так яго ўспамінаў: «Я і Жаўрыд бачылі, як яго павялі ў контрвыведку. Апошнія словы, якія мы пачулі, былі: «Жаўрыд, ратуй мяне!»

Арыштаваны разлічваў на дапамогу Паўла Жаўрыда, ён спадзяваўся, што камісар Найвышэйшай Рады справядліва разбярэцца ў яго канфлікце з контрвыведкай, гэтым неафіцыйным штабам Булак-Балаховіча ў Слуцку.

Рэч у тым, што Чайка атрымаў пасаду камандзіра Слуцкага палка намаганнямі эсэраўскай часткі Рады — насуперак жаданню балахоўцаў, якія хацелі бачыць на гэтай пасадзе капітана А. Самусевіча. Дапамогі Чайка не дачакаўся: Жаўрыд у дзень яго арышту ад’ехаў у Варшаву па грошы. Пракулевіч, назіраючы ўзмацненне балахоўцаў, сабраў аднадумцаў на таемны сход. Пакуль абмяркоўвалі невыносны стан расколу і шляхі выйсця, Чайка пасля пяці дзён арышту, у ноч з 2 на 3 снежня 1920 года, уцёк. Дарэчы, дапамог яму афіцэр контрвыведкі Мірончык, які паспачуваў былому камандзіру.

Выпадак з Чайкам дапамог эсэрам перахапіць ініцыятыву. Яны зрабілі выгляд, што паверылі ў Чайкаву «здраду» і скарысталіся ёй, каб узяць уладу. На сходзе па прапанове Пракулевіча вырашылі арыштаваць і судзіць камандзіра Брыгады Анцыповіча, начальніка выведкі Мірановіча і яго памочніка Рэута. Першага за тое, што «не мог трымаць лінію Рады». Фармальнай зачэпкай для арышту двух іншых была правіна Чайкі. Сход пастанавіў прызначыць на пасаду камандзіра Брыгады Антона Сокал-Кутылоўскага. Контрвыведку ўзначаліў афіцэр Беларускай вайсковай камісіі Янушэнка.

3 снежня правялі арышты, на наступны дзень судзілі. Анцыповіча разжалавалі ў шарагоўцы, Мірончыка і Рэута знялі з пасадаў. Якім быў бы лёс Чайкі, каб ён не ўцёк? Відаць, як здрадніка, яго таксама чакала б суворае пакаранне. Хоць ён быў простым закладнікам сітуацыі. Здрада ж хавалася ў бязглуздых амбіцыях палітыкаў, іх упартым нежаданні шукаць згоду і непрадуманых паводзінах.

***

Слуцкі збройны чын

спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка ў лістападзе і снежні 1920 года. Месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя з мясцовых сялянаў і франтавікоў, біліся з чырвоным войскам, не даючы заняць Случчыну. У гонар Слуцкага збройнага чыну патрыёты адзначаюць Дзень герояў — 27 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?