president.gov.by

president.gov.by

Вясной 2010 году я пісаў, што лукашэнкаўская «лібэралізацыя» (гэтак тады назвалі саступкі апанэнтам рэжыму) непазьбежна скончыцца, а Расея абавязкова падтрымае Лукашэнку на выбарах.

У той год на расейскім тэлебачаньні адзін за другім выходзілі зьнішчальныя сэрыі пра «бацьку», таму ў падтрымку Крамлём гэтага самага «бацькі» нашы палітолягі і большасьць лідэраў апазыцыі нагэтулькі ня верылі, што нават не лічылі неабходным спрачацца.

А вось адносна «лібэралізацыі» некаторыя мне казалі, што я занадта ўжо катэгарычна, прамалінейна ўспрымаю дзеяньні ўлады і пэрсанальна Лукашэнкі. «Нельга адкідваць тыя крокі, якія ён робіць насустрач, — казаў мне адзін з тагачасных лідэраў апазыцыі. — Наадварот: трэба па максымуме скарыстаць магчымасьці, бо сапраўдная палітыка — гэта мастацтва магчымага».

Іншымі словамі, трэба «лавіць момант».

Чым скончылася тая «лоўля моманту» ў першую ж ноч пасьля галасаваньня 19 сьнежня 2010 году, усім вядома: масавымі арыштамі, судамі, міжнароднай ізаляцыяй.

Сёньня мы чуем спадзяваньні на «беларусізацыю» з рук Лукашэнкі.

Ёсьць тыя, хто ў гэта ня верыць, як Сяргей Дубавец, які хаця і лічыць, што Лукашэнка «ніколі ня стане правадніком палітыкі беларусізацыі», але спрабуе пераканаць, што антыбеларускасьць Лукашэнкі — сродак, а ня мэта («Калі раней дзейнасьць прэзыдэнта насіла выразны антыбеларускі характар, дык сёньня ён канчаткова ператварыўся ў палітыка сродкаў, а ня мэты. Бо ягоная мэта — захаваньне асабістае ўлады»). Адсюль нішто не перашкаджае зрабіць выснову, што калі беларусізацыя раптам будзе спрыяць захаваньню гэтай самай улады — Лукашэнка на яе пойдзе.

Ёсьць такія, як Пётра Рудкоўскі, які ў «Нашай Ніве» заклікае ўлады да «правядзеньня мяккай беларусізацыі, асабліва калі яна будзе абмежавана культурнай сфэрай», ня страшнай для ўлады, бо «электарат можа нават і не заўважыць, што нешта мяняецца ў грамадзтве». Ён не выключае «курс на нацыянальнае адраджэньне», нагадваючы, што «фактычна ўсе постсавецкія аўтарытарныя рэспублікі — Казахстан, Узбэкістан, Азэрбайджан і інш. — узялі курс на нацыянальнае адраджэньне (больш або менш інтэнсіўнае), але гэта ніяк не перашкодзіла ім застацца аўтарытарнымі.»

Нарэшце, ёсьць і тыя, хто верыць, што такі курс ужо ўзяты. Вось прадстаўнік Лібэральнага клюбу Вадзім Мажэйка свой артыкул пра «ТОП-5 жэстаў улады ў бок беларушчыны» на Свабодзе, завяршае пасажам, што «ўлады… вымушаныя ісьці на нейкія зьмены, а актыўная частка грамадзтва падхоплівае ініцыятыву». Трэба, кажа аўтар, «лавіць момант».

Апошняе варта разумець хіба так: улада (Лукашэнка) выступае з ініцыятывай беларусізацыі, а грамадзтву толькі і застаецца, што «злавіць момант» і гэтую ініцыятыву «падхапіць». Аднак цягам больш як дваццаці гадоў менавіта апазыцыйная ўладам «актыўная частка грамадзтва» супраціўлялася здушэньню ўсяго беларускага, якое ўлада вызначыла сваёй мэтай.

Менавіта — мэтай, а ня сродкам. Ва ўсялякім разе, ніяк ня меншай, чым захаваньне асабістай улады.

У зьнішчэньні нацыянальнага Лукашэнка пайшоў значна далей, чым гэта рабілі кіраўнікі некаторых іншых былых савецкіх рэспублік, якіх прынята называць марыянэткамі Масквы. Ва ўсялякім разе, Януковіч не замяніў жоўта-блакітны прапар і трызуб — дзяржаўныя сымбалі Ўкраіны — савецкім эрзацам. Лукашэнка ж ня толькі скасаваў статус дзяржаўных сымбаляў у нацыянальнай сымболікі, але і пасьлядоўна зьнішчаў беларускамоўную сыстэму адукацыі, пад корань падрубіўшы ўсё тое, што пасьпела ўзьняцца ў часы апошняга нацыянальнага адраджэньня.

У 400-тысячным Магілёве — адна вучаніца, якая навучаецца па-беларуску. Нават калі такая палітыка — толькі сродак, дык яна дала такі вынік, пра які русіфікатары-мураў’ёвы маглі толькі марыць.

І такая палітыка — мэтанакіраваная, сыстэмная і пасьлядоўная. Яна не пакідае ніякага спадзяваньня нават на беларусізацыю ў спалучэньні з аўтарытарным рэжымам (што, як выглядае, некаторыя б гатовыя былі прыняць). Аўтарытарызм, нават дыктатура — так. Але беларусізацыя — не.

Прыгаданая ў пачатку размова з апазыцыйным лідэрам мела фінал. Я запытаўся ў яго, колькі разоў і як часта яму даводзілася сустракацца з Лукашэнкам? Не па тэлебачаньні глядзець ягоныя выступы, а гутарыць асабіста?

«Ніколі» — быў адказ. І такі адказ мне шмат што патлумачыў.

Зьвярніце ўвагу на прагнозы дзеяньняў Крамля ва Ўкраіне Андрэя Іларыёнава, былога (2000-2005) дарадцы Пуціна. У яго, наколькі вядома, няма штату аналітыкаў, вельмі сумняваюся, што ён мае рэгулярны доступ да інфармацыі заходніх выведак — але ягоныя прадказаньні (у большасьці) спраўджваюцца куды часьцей, чым высновы нейкіх дасьледчых цэнтраў.

Чым патлумачыць такую празорлівасьць чалавека, які ўжо шмат гадоў ня мае дачыненьня да расейскай вышэйшай улады? Мне падаецца — вельмі проста.

Напрыклад, тым, што, зусім магчыма, калісьці Іларыёнаў пабачыў, як у вузкай кампаніі, пры фразе «незалежная Ўкраіна» твар Пуціна скрывіла зьняважлівая грымаса — што зробіш, нават афіцэры КГБ не заўсёды могуць схаваць эмоцыі. Пры гэтым у публічных выступах гаспадар Крамля завяраў у сваёй павазе да сувэрэнітэту суседзяў Расеі. Зусім можа быць, што такія грымасы Іларыёнаў бачыў не адзін раз і ня два. Ня выключана, назіраў і чуў і нешта іншае — тое, што не было разьлічана на публіку. А такога назіраньня часта зусім дастаткова, каб аднойчы і назаўсёды зразумець сапраўднае стаўленьне чалавека да пэўнай праблемы ці зьявы. І падобнага веданьня могуць ня даць аналізы дзесяткаў прамоваў і афіцыйных заяў.

Дык вось — у адрозьненьні ад нашых палітолягаў і кіраўнікоў аналітычных цэнтраў, я маю адну невялікую, але несумненную перавагу: я добра ведаў Лукашэнку асабіста. І мне цягам шасьці гадоў даводзілася бачыць ягоныя грымасы пры згадках пра нацыянальнае Адраджэньне, пра Закон аб мовах, пра беларускія школы. Я бачыў, добра памятаю і ніколі не забуду тую грэблівасьць, якую імпульсіўна выяўляў Лукашэнка, калі чуў слова «нацыянальнае». Грымаса не фіксуецца ў стэнаграмах сэсіі, яна не выхопліваецца (звычайна) тэлекамэрамі ў час трансьляцыі, калі толькі апэратар не бярэ «буйны плян». Тым больш эмоцыі застаюцца невядомымі, калі выказваюцца яны не ў Авальнай залі, а, напрыклад, у сталоўцы (дзе кампаніі часам складаліся не «паводле перакананьняў», а хаатычна).

Хаця варта сказаць, што непрыманьне беларушчыны Лукашэнка выяўляў і публічна, на сэсіях. Так, ужо ў сьнежні 1991 году, калі прымалася Пастанова ВС аб беларускай мове ў СМІ, ён палічыў абавязковым выказаць незадавальненьне, што беларуская мова, нібыта, «насаджаецца». З 1992-га, калі Лукашэнка канчаткова адкінуў псэўдадэмакратычную рыторыку і падтрымліваў Кебіча ў супрацьстаяньні з БНФ, Лукашэнка, зьвяртаючыся да нас, дэпутатаў апазыцыі, нязьменна ў сваіх рускамоўных прамовах выкарыстоўваў беларускія словы з іранічнай альбо зьдзеклівай інтанацыяй (гэтай сваёй звычцы ён ня здрадзіў і сёньня).

Прыкметна, што сярод тых, хто цяпер выказвае спадзяваньні на паварот Лукашэнкі да беларушчыны (альбо ўжо бачыць гэты паварот у «жэстах») — няма ніводнага, хто ведаў Лукашэнку асабіста (за выключэньнем хіба Алега Трусава — ну але памятайма пра яго пасаду старшыні Таварыства беларускай мовы^; кажу гэта не ў папрок яму).

Дык вось, сьведчу: тое, што мы ўкладаем ў паняцьце «беларушчына» — Лукашэнка ніколі не ўспрымаў арганічна, ён гэта адрынаў, я б сказаў, на фізіялягічным узроўні.

У верасьні 1994 году лідэраў парлямэнцкіх фракцый запрасілі на гутарку з Лукашэнкам — перад пачаткам першай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сэсіі. Пазьняк прастыў і папрасіў пайсьці мяне. Прысутнічаў таксама Анатоль Лябедзька, які ў той момант быў у камандзе Лукашэнкі, Алег Трусаў (лідэр «Грамады»), нехта ад вэтэранаў — разам з Лукашэнкам нас было чалавек пяць-шэсьць. А таксама — у пачатку — і тэлеапэратар. Я ўжо быў ў эміграцыі, але гэты сюжэт (Лукашэнка талерантна выслухоўвае прадстаўнікоў парлямэнта, у тым ліку і апанэнтаў) час ад часу круцілі па БТ, так што прадстаўнікі старэйшага пакаленьня могуць яго памятаць. Але пра сутнасьць размовы ў рэпартажах казалася ў самых агульных выразах.

Праўда, самым паказальным для мяне было не абмеркаваньне прэзыдэнцкай эканамічнай праграмы ці пэрспэктываў прапарцыйна-мажарытарнай выбарчай сыстэмы.

Ці то на Алега Трусава, ці то на мае (не памятаю дакладна) заўвагі пра лёс беларускай мовы, Лукашэнка кінуў такую рэпліку:

«Вось вы мяне папракаеце мовай, а ці ведаеце, што мой старэйшы скончыў беларускую школу? А малодшы і цяпер у беларускай школе вучыцца! Ай, ды што я пра сыноў кажу — вось мая цёшча… Цешча мая — дык яна ўвогуле, уявіце сабе, усё жыцьцё беларускую мову выкладала!».

Сказаў Лукашэнка гэта з інтанацыяй, якая не пакідала сумневаў у ягоных адносінах. Не да цешчы — да мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?