Барыс Нямцоў

Адзін зь лідэраў расейскага «Саюзу правых сіл» Барыс Нямцоў адмовіўся ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Як гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай СПС, ён лічыць, што «выбары прэзыдэнта, гэтак жа як і парлямэнцкія, ёсьць чыстай вады фарсам».

«Кандыдаты ня маюць роўных магчымасьцяў для агітацыі, супраць апазыцыі выкарыстоўваецца гэбельсаўская прапаганда, сілавы й адміністрацыйны рэсурсы», — сьцьвярджае лідэр СПС.

Паводле слоў Нямцова, легітымнасьці прэзыдэнцкай кампаніі ў цяперашні момант надае ўдзел у ёй двух апазыцыйных палітыкаў: лідэра КПРФ Генадзя Зюганава й лідэра Расейскага народна‑дэмакратычнага саюзу Міхаіла Касьянава.

Нямцоў заклікаў Касьянава й Зюганава выставіць уладзе ўльтыматум з патрабаваньнем спыніць выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу падчас выбараў, а таксама даць усім кандыдатам роўны доступ да СМІ. Калі гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, апазыцыянэрам варта таксама адмовіцца ад удзелу ў выбарах, лічыць Нямцоў.

Надоечы Касьянаў заявіў, што не выключае магчымасьці зьняцьця сваёй кандыдатуры, калі выбары ня будуць адпавядаць пэўным крытэрам.

Першы крытэр — гэта запрашэньне замежных назіральнікаў з АБСЭ.

«Наша патрабаваньне і ўмова — не пазьней за 15 студзеня, за мінімальны тэрмін да выбараў 45 дзён, назіральнікі мусяць быць у Маскве, каб яны маглі пачаць аналіз усёй сытуацыі», — сказаў Касьянаў.

Другое патрабаваньне —«рэгістрацыя нашага незалежнага кандыдата ў ЦВК», — дадаў палітык.

Трэцяе патрабаваньне, зь ягоных слоў, — «роўныя магчымасьці ва ўсіх кандыдатаў па ўдзеле ў агітацыі».

Паводле Grani.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0