Аляксандр Лукашэнка надзяліў Міністэрства ўнутраных спраў абсалютнымі паўнамоцтвамі па каардынацыі барацьбы з наркотыкамі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. 

«З заўтрашняга дня вы будзеце прымаць рашэнні, і ў частцы барацьбы з наркотыкамі яны будуць абавязковыя для ўсіх», — заявіў Лукашэнка міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу 4 снежня на нарадзе па пытаннях супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. 

«Калі вы мне напішаце ліст па падключэнні прэзідэнта да гэтага пытання, ён будзе і для мяне абавязковым. Толькі так мы можам з нечым справіцца», — дадаў ён. 

«Даў міністр указанні, што тычацца гэтай тэмы, — неадкладна павінны Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі ці іншыя нейкія імгненна гэта выконваць, — заявіў Лукашэнка. — Што да тэмы наркотыкаў, ваша рашэнне — закон для ўсіх. Яно будзе нараджацца не вамі ў кабінеце, а будзе ісці ад палкоўнікаў і маёраў, якія непасрэдна змагаюцца з гэтай заразай». 

«Вельмі сур'ёзнае становішча — ідзе вайна, — заявіў беларускі кіраўнік.

— Звычайныя міліцыянеры скардзяцца: развяжыце нам рукі, мы вам пакажам, як трэба з імі змагацца. А мы, як злачынцы, стрымліваем гэты працэс, і не толькі наўмысна, проста мы лічым, што гэта не вельмі важна. Важна!» 

«У кожнага ёсць малыя дзеці і ўнукі. І невядома, дзе яны апынуцца.

І дзетак ад чыноўнікаў і іншых крутых не менш, чым ад простых людзей, якія кураць, п'юць і ўжываюць наркотыкі», — дадаў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што МУС варта надзяліць правам аператыўна атрымліваць неабходную інфармацыю. «Не кожны павінен мець на гэта права. Павінен мець права кіраўнік падраздзялення, каб мы маглі потым, прааналізаваўшы пракуратурай, яшчэ кімсьці, спытаць: а навошта табе патрэбная была гэтая інфармацыя? Ты яе атрымаў, а які вынік ад гэтай інфармацыі? Таму што, вы ж разумееце, што і міліцыя неаднародная, як і наша грамадства, незразумела, навошта яны будуць запытваць такую канфідэнцыяльную інфармацыю. Таму трэба даць гэтае права міністру і кіраўнікам падраздзяленняў. Да яго прыйдзе непасрэдны выканаўца, ён палічыць патрэбным запытаць інфармацыю — запытаў, банк неадкладна павінен даць! Вызначце тэрмін — суткі ці некалькі гадзін. Калі яны гэта не зрабілі, спытаем з банкіраў на ўсю катушку», — зазначыў кіраўнік дзяржавы. 

«Самая дэмакратычная краіна» ў свеце Злучаныя Штаты Амерыкі — вы ведаеце, якая там дэмакратыя: што да бяспекі грамадзян і іншых пытанняў, яны не цырымоняцца: вінтоўку ў рукі і пайшоў. Цацачны пісталет падлетак падняў — застрэлілі не размаўляючы. І паспрабуй паліцэйскага за гэта папракні! Такі закон. А мы, бачыце, дэмакраты, інтэрнэт махлярам нейкім закрыем ці інфармацыю банк не дасць, спасылаючыся на банкаўскую тайну. Што за лухта!» — сказаў Лукашэнка. 

«Так, для банкаў, магчыма, гэта нейкія пагаршэнні, недаатрыманне грошай ад гэтай наркаты на рахунках, дэпазітах і гэтак далей. Але мы ж вырашаем больш сур'ёзную праблему. Нам такія грошы не патрэбныя»,— дадаў ён. 

«Што гэта за брыда?! У пасылках нам наркату шлюць, а мы, бачыце, меры прыняць не можам! Неадкладна разам з калегамі сядзьце і секаніце на ўсю катушку!» — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка МУС. 

Ён таксама выказаў незадаволенасць недастатковай працай Міністэрства адукацыі па растлумачэнні шкоды наркотыкаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. 

«Мы не тое што недапрацоўваем, мы нічога не робім! Ні ў школе — нідзе па-сапраўднаму не займаемся. У найлепшым выпадку абавязалаўка нейкая: скажуць, што наркотыкі — гэта дрэнна. У кожнай школе трэба, як некалі ў савецкія часы з туберкулёзам змагаліся: вось страшныя лёгкія туберкулёзніка, ідзіце і глядзіце, да чаго гэта прывядзе. Псіхіка дзіцяці ў школе ўспрымальная, яна назаўсёды запомніць гэта. Але трэба ім паказваць гэты страх, да чаго гэта прыводзіць, здымкі, фільмы», — мяркуе беларускі кіраўнік. «Тое ж самае і ў Міністэрстве аховы здароўя», — дадаў ён. 

«Самае страшнае злачынства, што наркаман нараджае сабе падобных, — працягнуў кіраўнік дзяржавы.

— Сёння напіўся, накурыўся, яна таксама, заўтра нарадзілі і прынеслі прэзідэнту ці міністру на рукі: на, выхоўвай. І нам лепш яго забраць з гэтай сям'і, чым яны выхаваюць. Каго выхаваюць, зразумела. Гэта, па-першае, хворы на 100% чалавек і будучы, магчыма, наркаман, а па-другое, злачынца. Таму на пытанне глыбей трэба глядзець: генафонд нацыі разбураем. Хто дзяцей будзе нараджаць? І якія дзеці народзяцца да такіх?» 

«Таму тут не павінна быць ніякага даравання! Вельмі небяспечная, вельмі сур'ёзная праблема, найважнейшая. І самае галоўнае — мала ад нас залежная. Я не думаю, што ў Беларусі, як самагон гоняць, так спайсы гэтыя ў лабараторыях вырабляюць. Нам будуць прысылаць, прывозіць, проста, пераязджаючы цераз Беларусь, пакінуць і гэтак далей. І, на жаль, мы павінны супраць гэтага змагацца. Але ў нас жа нармальная ўлада і грамадства адукаванае. І мы гэта можам сёння зрабіць. Нельга выпусціць гэты працэс», — падкрэсліў Лукашэнка. 

«Паглядзіце: Нарвегія, Швейцарыя ў рэйтынгах па дабрабыце першыя радкі займаюць, самыя цудоўныя краіны, куды імкнуцца ехаць жыць. А ў іх з 10-11 гадоў наркаманія ўжо.

У той жа Нарвегіі 11-12 гадоў — наркаманы дзеці. Нам нельга скаціцца да гэтага. Усе павінны страпянуцца і заняцца гэтымі праблемамі: і Міністэрства аховы здароўя, і Мінадукацыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

«Гэтая праблема будзе пастаянна ў мяне на кантролі. І не дай бог нехта з прысутных на нарадзе ці вашых падначаленых заўтра-паслязаўтра мне скажа, што мы нібыта недагледзелі і, змаладушнічаўшы, не прынялі больш жорсткіх мер», — папярэдзіў чыноўнікаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?