Гурт з Брэста справіць юбілей у клубе «Піраты» 5 снежня. Адмыслова да гэтай падзеі Мінск наведае гурт «Роллікс» з Украіны.

Да будучага канцэрту музыкі з гурту Sciana рыхтуюцца з усёй адказнасцю.

«Для нас гэты выступ надзвычай важны, бо падводзіць рысу пад цэлай эпохай у нашай гісторыі», — кажуць берасцейцы. Адмыслова да канцэрту з нагоды 15-годдзя яны рэпетуюць песні розных год. Некаторыя з іх не граліся дзесяць і больш год. Sciana хоча зрабіць мікс з старых і новых трэкаў ды прайсціся па ўсёй сваёй гісторыі, згадаць рарытэтныя альбомы «Суб’ектывізм» і «Рулет», першы поўнафарматнік «Рыфы лёсаў», перамогу на палескім рок-фэсце «Крок» ды на «Басовішчы», фурор на конкурсе «Гэнералы айчыннага року», яскравы кавэр «Я еду» для трыб’юту N.R.M., першы кліп на «Можна быць», непаўторную «Вясна.by», трыюмф на польскім фэсце «Рок-ноч», туры па Польшчы ды Ўкраіне, апошнія альбомы «Кропка вяртання» і «Мы застанемся» урэшце рэшт.

«Мы працягваем працаваць, пішам новыя песні і шмат гастралюем, часам насуперак неспрыяльным жыццёвым абставінам.

Бо рок-н-рол — гэта рух, і мы таксама рухаемся наперад. Таму што ўпэўненыя, што самае цікавае яшчэ за лініяй гарызонту», – кажуць музыкі і запрашаюць усіх сваіх прыхільнікаў 5 снежня ў «Піраты».

Гасцямі канцэрту будзе гурт TerraKod зь Берасьця, які неад’емна звязаны з «Сьцяною». З Херсона прыедзе павіншаваць сваіх даўніх сяброў гурт «Роллікс», які сыграе сэт з сваіх самых значных песень.

Канцэрт праходзіць у межах акцыі «Жывы Тузін», якую чацьвёрты сэзон запар ладзяць партал Tuzin.fm з партнэрамі з грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». У якасці вядучага канцэрту дэбютуе паэт Віталь Рыжкоў.

5 снежня. 19.00. Клуб «Піраты» (пр.Партызанскі, 6а).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?