Напярэдадні калядных і навагодніх святаў дзяржаўная лясная ахова пераходзіць на ўзмоцнены рэжым аховы лясоў для недапушчэння незаконных высечак хваёвых дрэў, паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі. 

Дзяржаўная лясная ахова сумесна з Дзяржаўнай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце, прадстаўнікамі Мінпрыроды, МУС і іншых кантралюючых органаў будзе рэгулярна праводзіць аператыўныя рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні і прыцягненні да адказнасці грамадзян, якія незаконна высякаюць дрэвы. 

Згодна з арт. 15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях незаконнае знішчэнне, у тым ліку незаконная высечка або пашкоджанне драўняна-хмызняковай расліннасці ў лясах першай групы дзяржлесфонду (асабліва ахоўныя), а таксама той, што не ўваходзіць у дзяржаўны лясны фонд

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічыняў (ад 750 тыс. да 7,5 млн. рублёў). Тыя ж дзеянні, учыненыя ў астатніх лясах дзяржлесфонду, цягнуць за сабой штраф у памеры да 30 базавых велічыняў (4,5 млн. рублёў). 

Прэс-служба зазначыла, што лясгасы даюць магчымасць усім жадаючым законна набыць навагоднія дрэвы ў асартыменце. Для гэтага з 23 снежня разгортваецца перадсвяточны гандаль навагоднімі дрэвамі. 

У галіне маецца 800 га спецыяльных плантацый елак навагодніх, на якіх вырошчваецца каля 3 млн. дрэў. Лясгасы маюць магчымасць рэалізаваць нарыхтаваныя дрэвы елкі, сасны, навагоднія букеты, а таксама дэкаратыўныя дрэвы ў кадках. 

Лясгасамі сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам будзе арганізавана больш як 900 гандлёвых кропак па рэалізацыі навагодніх дрэў і іншай святочнай прадукцыі. 

На гандлёвых кропках лясгасаў (да іх не адносяцца камерцыйныя ёлачныя базары) навагодняе дрэва вышынёй да 1 м будзе ў сярэднім каштаваць ад 50 тыс. рублёў, 1,01—2 м — ад 80 тыс., 2,01—3 м — ад 100 тыс., вышынёй больш як 3 м — ад 200 тыс. рублёў.

Набыць дрэвы можна і ў лясніцтвах, дзе жадаючыя могуць самастойна выбраць сабе навагодняе дрэва з ліку тых, што растуць і падлягаюць высечцы. Каштаваць навагоднія дрэвы ў лясніцтвах будуць менш, чым у гандлёвых кропках. Кантактныя тэлефоны і адрасы лясгасаў і лясніцтваў можна знайсці на сайтах Міністэрства лясной гаспадаркі і саміх лясгасаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?