Музычныя вынікі году + рэйтынг песень 2007 на сайце «Тузін гітоў» (па колькасьці спампоўваньняў).

Падзея

Безумоўная падзея году — вяртаньні. Але зусім ня ў зьвязку зь візытам рокераў у адміністрацыю. Сёлета свае новыя нумарныя альбомы прадставілі фактычна ўсе героі беларускага рок‑фронту. «Штазі» ад «дзюбеляў» і «Капітал» ад «ляпісаў» чакалі тры гады, «06» ад «энэрэмаў» выйшаў празь пяць гадоў маўчаньня гурту, а дыск «Усё жыцьцё — дзіўны сон» ад «Крамы» — зьявіўся наагул праз шэсьць год пасьля апошняй новай праграмы. Калі тут згадаць яшчэ «Песьняроў» з альбомам «Распавядальная» — першым ад часоў Мулявіна, і «Песьню пра зубра» ВІА «Сузор’я», расфармаванага ў 1983 годзе, — дык, наагул, намалот 2007 году можна прызнаць рэкордным.

Песьні

Песьня году самавызначылася яшчэ летась, калі ў былым гардэробе, а цяпер рок‑кавярні на 50 месцаў пад назвай «Графіці», Лявон Вольскі ўпершыню прасьпяваў: «Дарагія мінчане і госьці сталіцы…» На наступным выступе N.R.M. гэтую песьню слухачы ўжо падпявалі зь няменшым імпэтам, чым «Тры чарапахі». А ў студыйным варыянцые «Менск і Мінск» выйшаў сёлета — і з ходу па‑за канкурэнцыяй перамог у «Тузіне Гітоў» (песьню спампавалі больш за 20 000 чалавек!) і ўжо загучаў у дварах і пад’ездах. Яшчэ толькі прэзэнтуючы гэты твор, Вольскі прадказваў: «Мне напачатку падавалася, што песьня будзе ня ў звыклай рок‑стылістыцы, а як зонг з п’есы Брэхта. Але калі ўзяліся за аранжаваньне, міжволі атрымалася гэткая трошкі двараватая рок‑баляда».

«Рэвалюцыя» скончылася, час сьпяваць «Калыханкі». Так можна ахарактарызаваць настрой іншых рок‑гітоў 2007 году. «Таварыш Маўзэр» з жорсткай леташняй «Беларусь будзе вольнай» пераключыўся на ціхенькую акустычную баляду пад назвай «Калыханка», якая займела вялікі посьпех. Свой новы гіт берасьцейская «Сьцяна» таксама вырашыла назваць «Калыханкаю» (хоць паводле стылістыкі яна зусім далёкая ад калыханкі). А тут яшчэ Naka на чале з акторкаю расейскага драматычнага тэатру Настай Шпакоўскай запісалі першую ў сваёй кар’еры беларускамоўную песьню — і тую назвалі «BY», з прыпевам: «Баю‑бай, засынай».

Галоўным жа небеларускамоўным беларускім гітом відавочна стаў «Капітал» з аднайменнага альбому «Ляпіса Трубяцкога». Якраз згадаўся 1996 год, калі іхнае «Аў» ды з «Пастушком» гучалі ня толькі з кожнага праса, але і з кожнага пыласосу, лядоўні ды электрапліты:). «Мой піяр‑мэнэджэр — Карл Маркс», — цяпер гэтак модна падпісвацца на форумах.

Праекты

Урэшце і па праве ў шэраг праектаў музычнага году можна ўключыць нешта афіцыйнае. Праект «Нашы песьні. Вэрсія 2007» тэлеканалу АНТ выйшаў сапраўды душэўным, крэатыўным і …нечаканым. Пацяганыя народныя песьні загучалі ў альтэрнатыўных аранжыроўках, набылі другое дыханьне поп‑гіты 80‑х — пачатку 90‑х гадоў. Некаторыя з выканаўцаў зь беларускай тэлеабоймы дзякуючы гэнаму праекту наагул упершыню беларускае слова прамовілі. А да ўсяго генпрадусар АНТ Ягор Хрусталёў уключыў у сьпіс удзельнікаў акрамя абрыдлых ужо твараў — сьвежых, як для нашага ТБ, Зьмітра Вайцюшкевіча з Багдановічавай «Зоркай Вэнэрай» і «Краму» зь неўміручай «Стэфкай» на новы лад. На пытаньне, калі будзе Вольскі на тэлебачаньні, Хрусталёў толькі хітра ўсьміхаецца: «Ўсё можа быць».

Безумоўнай падзеяй можна назваць і праект натхнёных «Хатынскай аповесьцю» беларускіх прадусараў пад назвай «Хатынь:Tacet, Sed Loquitur» з удзелам францускіх, італьянскіх, расейскіх, вугорскіх і, вядома ж, беларускіх музыкаў. Гатычная музыка, індастрыэл ды эмбіент ці не ўпершыню загучалі ў нашым кантэксьце. Калі ад праслухоўваньня песьні — па скуры прабягаюць мурашы, значыць яе творца дасягнуў сваёй мэты. Калі ад праслухоўваньня ўсяго праекту апаноўвае душэўнае трымценьне — значыць гэта праца Надзвычайная.

Падзея‑2

І ўсё ж вяртаньне. Абяцанкі‑цацанкі прэзыдэнцкіх ідэолягаў пад Новы год нечакана пачалі спраўджвацца: так супала, што пасьля візыту ў адміністрацыю «Палац» трапіў на «Эўрафэст» (чытай — у лік галоўных прэтэндэнтаў на паездку на «Эўрабачаньне»), зьявіўся калядны беларускамоўны праект на АНТ. Ды яшчэ сэрыя канцэртаў прайшла зь вялікім посьпехам — клюбныя залі ламіліся на «Краме», «Крамбамбулі», «Народным альбоме». Neuro Dubel вымушаны быў граць двойчы, бо ня ўсе ахвочыя здолелі трапіць на канцэрт. А ці тое яшчэ будзе? Толькі ў першыя тры месяцы наступнага году плянуецца рок‑фэст пад умоўнай назвай «Вяртаньне» ў Палацы спорту, заўжды скандальная і заўжды прывабная «Рок‑Каранацыя», дабрачынная акцыя рокераў у Палацы рэспублікі, а тут яшчэ і «БелСат» з масай музычных праграмаў. Жыцьцё — дзіўны сон, сапраўды.

Сяргей Будкін

***

Рэйтынг песень 2007 на сайце «Тузін гітоў» (па колькасьці спампоўваньняў)

N.R.M. Miensk i Minsk
Osimira Зязюля мыя серыя
IQ48 Схаванае сэрца
B:N: ДажджаміTav.Mauzer Калыханка
Band A Рэвалюцыя
Krama Неба — лёс арла
Zet Love story — don`t worry
Рокаш Крумкач
Троіца Ведзьма
PitBull Maju nadzieju
Nestarы Band Агні гараць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0