Каліноўскі верыў, што кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню магіл змагароў за яго. Гэтая вера загартавала не адно пакаленне патрыётаў, застаючыся гаючай крыніцаю беларускасці да сёння і на векі вечныя.

З маленства да апошняй хвіліны жыцця смерць крочыла побач з Каліноўскім. Забірала самых блізкіх людзей: спачатку маці, братоў і сясцёр, затым сяброў, каб у рэшце рэшт дабрацца і да яго.

Смерці ён не баяўся, лічыў, што небыцця не існуе, пакуль тваё імя памятаюць людзі. Палохала ж яго толькі перспектыва не выканаць абяцанне, дадзенае роднаму брату Віктару, заўчасна памерламу ад сухотаў. Абяцанне, якое зрабілася справай гонару і ператварылася ў сэнс жыцця. Абяцанне, што ён будзе працаваць за дваіх — сябе ды брата — дзеля праўды, дзеля ўсеагульнага шчасця народаў. Нават тады, калі ўсе іншыя здадуцца і адступяць ад сваіх перакананняў. Нават калі здрадзяць найлепшыя сябры. Нават калі веру згубяць паплечнікі, ён застанецца верным сабе, брату і роднаму народу. І не выцягнуць з яго гэтай Веры ні катам, ні мураўёўскім гальштукам шыбеніцы. Паколькі Вера мацнейшая за ўсё. Вера і Надзея ў тое, што родны народ стане свабодным і тады спамяне добрым словам свайго сына.

І прабач, каханая Марыська, што не мог ён жыць толькі дзеля ўласнага шчасця, у той час, калі народ быў у становішчы быдла. Не меў права. Ні на ўласнае імя, ні на родную мову, якой Каліноўскі выдаваў газету, і, ужо ведаючы пра прыгатаванае яму царскімі паслугачамі смяротнае пакаранне, здолеў даслаць лісты з-пад шыбеніцы. Лісты, якія зрабілі Кастуся неўміручым сімвалам, легендаю і героем беларускага народа.

Маці

Вераніка памірала цяжка. Боль не сунімаўся, але плакаць яна ўжо не магла. Як не магла больш спыняць сіплыя стогны, што ішлі з-пад набрынялых ад малака грудзёў. Цела прабіралі дрыжыкі, халодны пот ператварыў адзежу і бялізну ў макрую анучу. Напоўненым вільгаццю, быццам у лазні, гарачым паветрам было непрыемна дыхаць.

Малое перастала плакаць і цяпер ляжала спакойна цёплым мяшэчкам на грудзях, заблытаўшыся малымі ручкамі ў распушчаных матуліных валасах. Бабуля-павітуха ў цёмным куце шаптала нейкую замову і гатавала зёлкі. Але Вераніка адчувала, што нават доктар, па якога Сымон адправіў у горад, ёй ужо не дапаможа. Да світання яна не дажыве.

Сымон сядзеў побач, сціскаючы ў вялікай далоні маленькую жончыну руку. Яму нават падалося, што такім чынам ён можа затрымаць Вераніку да прыезду доктара. Аднак у трапяткім ззянні свечак перад вачыма, залітымі потам, маланкай праступіў цёмны вобраз халоднай маўклівай жанчыны, якая стаіць з другога боку ложка і сваімі танклявымі пальцамі трымае жонку за другую руку. Вобраз быў такі ясны, што Сымон аж уздрыгнуў ды яшчэ мацней сціснуў далонь Веранікі.

Жонцы было балюча ад таго поціску, аднак яна не мела сіл сказаць мужу пра гэта. Тым больш боль у руцэ адцягваў увагу ад іншага болю, які ішоў знутры. Думкі пра мінулае, дзе яна яшчэ ёсць, і будучае, дзе яе ўжо няма, птушкамі насіліся ў галаве. Яна спрабавала ўспомніць твары бацькоў, і ніяк гэта ў яе не выходзіла. Потым думала пра лёсы сваіх дзетак. Яны ўяўляліся ёй галінамі пахіленага дрэва, якое вось-вось абрынецца долу. Пасля ж пачала проста правальвацца ва ўспаміны, забываючыся на боль.

Цяжкія дзіцячыя гады яе сям’і — Рыбінскіх… Успаміны пра першае спатканне з Сымонам Каліноўскім, які ўвесь час імкнуўся нешта даказаць сваім родным, яе бацьку, суседзям — усяму свету. Ён быў старэйшы на 11 гадоў, але Вераніку гэта не турбавала, і яна пагадзілася стаць яго жонкай, каб дапамагчы мужу ў здзяйсненні яго мар, якія зрабіліся іх супольнымі марамі.

І за дваццаць гадоў яны здолелі дасягнуць таго, што падавалася немагчымым. Цяпер у іх быў маёнтак ды цэлая фабрыка ў Мастаўлянах. Час ад часу Вераніка чула, як суседзі-шляхцічы, асабліва іх жонкі, зняважліва называюць Сымона «ткачом». Але яна разумела, што тут больш зайздрасці, чым знявагі. Вераніка ганарылася мужам, які так шмат працаваў, каб усяго дамагчыся. Асабліва гонар у яе выклікалі абрусы і сурвэткі, якія вырабляліся на іх фабрыцы і прадаваліся па ўсім краі. Нават цяпер, лежачы на ложку, яна адчувала асаблівую пяшчоту мастаўлянскай бялізны.

Вераніцы падалося, быццам пасцель пад ёю мякчэе і яна пачынае ціха апускацца ўніз. Сымон ужо не зможа яе ўтрымаць…

Ёй прымроіўся першы сын — Кандрат. Колькі было шчасця пасля яго нараджэння! Як радаваўся Сымон, як ён яе, аслабелую, разам з немаўлём насіў на руках і моцна-моцна цалаваў. Цяпер яна ўзгадала, як выпраўляла Сымона ў дарогу па ткацкую навуку ў Царства Польскае.

Быў ранак. Вось муж ужо стаіць ля ганка. 11-гадовы Кандрат, 5-гадовы Юзаф і двухгадовы Юрка вісяць на бацьку, нікуды не хочуць яго адпускаць. А яна стаіць спакойна, адчуваючы пад сэрцам яшчэ ненароджанага Віктара. Адно яе слова — і Сымон не паедзе ні ў якую Астраленку да нейкага там Бонды. Дык не! Вераніка сцягвае з мужа дзяцей, дабраслаўляе яго ў добры шлях. Муж, пахіліўшы галаву, выходзіць на двор, а яна бяжыць у свой пакой і пачынае ціха, каб не пачулі дзеці, плакаць.

Пасля гэтага Сымон яшчэ не раз выязджаў па справах: то вучыцца, то па варштаты для фабрыкі, то дамаўляцца пра продаж вырабаў. Аднак ёй запала ў душу менавіта першая яго выправа. І цяпер яна адчувала гонар не толькі за мужа, але і за сябе, што ўмела быць моцнай там, дзе гэта сапраўды трэба было. А пасля таго, як Сымон вярнуўся ад Бонды, іх каханне ўспыхнула з новай сілай. І за дзесяць гадоў, у дадатак да першых трох, у іх з’явілася яшчэ дзевяць дзяцей. Дванаццатае — апошняе, нядаўна народжанае, цяпер спакойна спала, у той час як яго маці згасала разам з полымем свечак.

Вераніка то правальвалася ў бяспамяцтва, то трызніла шчаслівым сямейным мінулым, то на яе абрыналіся хвалі трывогі за Сымона і дзяцей. Хто будзе іх даглядаць, калі яе не стане? Як складзецца лёс Віктара? Яму няма яшчэ і дзесяці, а ён неадрыўна сядзіць у кніжках, якія бацька не паспявае яму купляць? Што будзе з маленькім пяцігадовым Кастусём? Той больш часу бавіць з тутэйшымі сялянскімі дзецьмі, чым з роднымі братамі і сёстрамі?

Полымя свечак задрыжала, і ў пакой увайшоў яшчэ адзін чалавек, апрануты ў чорнае. Няўжо гэта доктар? Але калі той падышоў бліжэй, Вераніка пазнала ў ім ксяндза Ялоўскага касцёла, і апошняя надзея жанчыны згасла ў бляску крыжа на яго грудзях.

Святар спачатку загаварыў з Сымонам, які нават у гэты момант не адпускаў далонь жонкі, потым звярнуўся да павітухі. Аб чым яны гаварылі, Вераніка не чула, чарговы раз праваліўшыся ў бяспамяцтва.

На світанні яе не стала. Вераніка з Рыбінскіх памерла ад родаў у веку 37 гадоў 29 красавіка 1843 года ў Мастаўлянах. Усе яе дванаццаць дзяцей выправяцца следам за маці на працягу наступных 21 гадоў. Апошнім будзе Кастусь Каліноўскі.

***

Васіль Герасімчык — гісторык. Магістр гістарычных навук. Скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы, Расійскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт і Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні. Сфера інтарэсаў: паўстанне 1863—1864 гг., гістарыяграфія паўстання 1863—64 гг., праблемы метадалогіі гісторыі. Супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Нарадзіўся ў Васілевічах пад Слонімам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0