Адказнасць бацькоў за халатнасць ў выхаванні дзяцей неабходна зрабіць больш жорсткай, заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік.

«На жаль, адказнасць многіх бацькоў за выхаванне дзяцей аслабленая. Існуе меркаванне, што выхаваннем павінна займацца школа, дзяржава. Але выхоўваць дзяцей павінны перш за ўсё бацькі. Так, з дапамогай школы і дзяржавы. Я мяркую, што трэба прыняць закон, які б дакладна размяжоўваў паўнамоцтвы і адказнасць бацькоў, школы і іншых дзяржаўных або грамадскіх інстытутаў за выхаванне і захаванне здароўя дзяцей», — лічыць віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, такі дакумент можа з'явіцца ў плане законапраектнай дзейнасці на 2015 ці 2016 год. «У гэтым зацікаўленыя і Міністэрства аховы здароўя, і Мінадукацыі, і іншыя ведамствы. Усе яны гатовыя прыняць удзел у распрацоўцы такога закона», — адзначыў Анатоль Тозік.

Сёння ў Барысаве прайшло выязное пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці і Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. Сярод іншых уздымалася пытанне пра халатнасць бацькоў пры выхаванні дзяцей. Так, нярэдкія выпадкі, калі дзеці па недаглядзе бацькоў атрымліваюць сур'ёзныя траўмы або нават гінуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?